Аляксандр Глеб вяртаецца ў футбол
32- 13.08.2023, 15:42
- 16,450
Спартовец-лукашыст будзе гуляць за дзіўны клуб.
Беларускі футбаліст Аляксандр Глеб, які ў свой час выступаў за нямецкі «Штутгарт», лонданскі «Арсенал» і гішпанскую «Барселону» будзе гуляць у расейскай аматарскай камандзе GOATS («Казлы»).
Пра гэта паведамляе «Трыбуна» са спасылкай на тэлеграм-старонку каманды.
42-гадовы Аляксандр Глеб будзе гуляць за GOATS, каманду ў аматарскай футбольнай лізе Расеі. За яе ж выступае і брат футбаліста Вячаслаў Глеб. Тым часам, апошнім клубам Глеба была «Іслач», за якую ў 2019-м годзе футбаліст правёў 13 матчаў.
Аляксандр Глеб заявіў аб завяршэнні кар'еры ў сакавіку 2020-га года. Пасля гэтага спартовец займаўся бізнесам – фабрыкай па вытворчасці шматслойных мяшкоў з крафт-паперы для фасоўкі сыпкіх прадуктаў і здачай у арэнду офісаў у цэнтры Менска.
Акрамя гэтага футбаліст разам з прапагандыстамі і праўладнымі спартоўцамі ўскладаў кветкі да манумента Перамогі. Згуляў у футбол у адной камандзе з Басковым, Рутэнкам і Багдановічам, якія адкрыта падтрымліваюць уладу, на Кубку пасольства Расеі.
Пайшоў вучыцца на трэнера, але незразумела куды. Сустрэўся з генсакам НАК Бахрэйна.
Ён таксама ўваходзіць у савет дырэктараў клуба «Тарпеда-БелАЗ». Выхоўвае дзвюх дачок у другім шлюбе. І ні разу не падтрымаў перамены ў Беларусі і народ Украіны.