Голанд абышоў Мэсі ў барацьбе за прыз найлепшаму гульцу сэзона УЕФА
1- 31.08.2023, 21:52
- 3,236
Таксама названы найлепшы трэнер сэзона.
Нарвэжскі нападнік «Манчэстэр Сіці» Эрлінг Голанд быў прызнаны найлепшым гульцом сэзона 2022/23 паводле версіі УЕФА. Узнагароду яму ўручылі падчас цырымоніі лёсавання групавога этапу Лігі чэмпіёнаў.
На трафей таксама прэтэндавалі аднаклубнік Голанда бэльгійскі паўабаронца Кевін Дэ Брэйнэ і аргентынскі нападнік Ліянэль Мэсі, які мінулы сэзон правёў у ПСЖ.
Найлепшым трэнерам сэзона раней быў прызнаны настаўнік «Манчэстэр Сіці» Хаcэп Гвардыёла, які прывёў клуб да трэбла — перамог у Лізе чэмпіёнаў, чэмпіянаце і Кубку Англіі.
Паўабаронца каманды Гішпаніі ды «Барсэлоны» Айтана Банмаці была прызнаная найлепшай футбалісткай сэзона, узнагароду найлепшаму трэнеру сэзона сярод жаночых клубаў атрымала Сарына Вігман, якая ўзначальвае каманду Англіі.
Голанд у мінулым сэзоне забіў 52 галы ў 53 матчах ва ўсіх турнірах, пабіўшы рэкорд выніковасці ангельскай прэм'ер-лігі і быў прызнаны найлепшым гульцом турніру.
Дэ Брэйнэ запісаў на свой рахунак дзесяць галоў і 31 выніковую перадачу ў 49 матчах. Мэсі правёў апошні сэзон у ПСЖ, з якім стаў чэмпіёнам Францыі, а таксама ў якасці капітана прывёў Аргентыну да перамогі на чэмпіянаце свету ў Катары. У сярэдзіне ліпеня форвард стаў гульцом клуба MLS "Інтэр Маямі".
У мінулым годзе ўзнагароду УЕФА найлепшаму футбалісту сэзона атрымаў французскі форвард Карым Бэнзэма.