Ці можна памяняць беларускае пасведчанне кіроўцы на польскае без візіту ў консульства?
11- 13.09.2023, 12:22
- 5,518
Беларус падзяліўся паспяховым кейфам.
Нядаўна MOST прыводзіў досвед беларусаў, якія мянялі беларускія пасведчанні на польскія. Усе яны павінны былі атрымаць у консульстве даведку аб тым, што іх беларускія пасведчанні сапраўдныя.
Тэлеграм-канал Dzik Pic падзяліўся альтэрнатыўным досведам, які дазволіў беларусу абысціся без візіту ў консульства.
— Жыву ў Беластоку, у мяне «сталы побыт». Жонка памяняла пасведчанне з запытам праз консульства год таму, бо ў яе тэрмін дзеяння правоў падыходзіў да канца. А мне спяшацца не было куды, таму я толькі зараз сабраўся мяняць сваё пасведчанне.
Я ведаў, што атрымаць даведку з консульства - той яшчэ квэст: чэргі на запіс і чаканне даведкі зоймуць паўжыцця (досвед іншых беларусаў гэта зняпраўджвае, нам вядомыя выпадкі, калі па гэтую даведку прыходзілі без папярэдняга запісу. - Заўвага. MOST), ды і кошт немаленькі. У Беларусь ехаць па яе не хацелася, таму я надумаў паспрабаваць абысці гэтае патрабаванне: замест даведкі з консульства аб пацвярджэнні выдачы ў Беларусі пасведчання кіроўцы прынесці пераклад іншай даведкі з ДАІ.
У беларускім ДАІ гэтую паперку называюць «даведкай аб пазбаўленні правоў» (хоць на самой даведцы няма ніякай назвы). У варшаўскіх чатах пісалі, што гэты спосаб не працуе, а як там у Беластоку – ніхто і не ведае. Я яшчэ ні разу не бачыў чалавека, які рабіў гэта асабіста і можа дакладна сказаць, што гэты спосаб працуе. Тым больш, што ад жонкі да ўжонда ўсё мяняецца. Увогуле вырашыў праверыць.
Даведку ўзялі ў ДАІ мае бацькі праз генеральную даверанасць і потым перадалі яе мне ў Польшчу. Быццам бы такую даведку робяць толькі ў Менску на Ціміразева. На гэта пайшоў тыдзень і блізу 15 рублёў.
Потым я зрабіў пераклад даведкі ў мясцовага прысяжнага перакладчыка і пайшоў са стандартным наборам дакументаў на замену ва ўжонд. Толькі замест даведкі з консульства прынёс вось гэтую беларускую з перакладам на польскую мову, без апастыля. І ўсё атрымалася - пасведчанне мне памянялі. Агулам, мне бачыцца, што ўзяць даведку з Беларусі, калі ёсць такая магчымасць, і перакласці - шлях больш просты і хуткі.