У Магілёве прадаюць завод, які Лукашэнка заклікаў «загрузіць»
14- 15.09.2023, 18:17
- 17,994
«Моцныя гаспадарнікі» праігнаравалі даручэнне дыктатара і загубілі «Строммашыну».
Магілёўскі завод «Строммашына», у якім 99% акцый належыць дзяржаве, мінулай вясной прызналі банкрутам. У чэрвені маёмасць прадпрыемства выставілі на аўкцыён. Аб'екты тады прадаць не ўдалося, таму іх кошт знізілі на 70% і цяпер зноў арганізавалі таргі. Яны пройдуць 21 верасня, паведамляецца на сайце «Белрэалізацыя».

З аўкцыёну прадаюць аб'екты нерухомасці, энэргетычнай інфраструктуры і добраўпарадкавання завода «Строммашына», размешчаныя на дзялянцы блізу 13,5 гектара. Маёмасць знаходзіцца ў цэнтры Магілёва, на вуліцы Першамайскай, 77.
Аб'екты, якія прадаюць, маюць змены, якіх няма ў тэхпашпарце. Пакупнік павінен самастойна і за свой кошт прывесці маёмасць у адпаведнасць з дакументам.

Адзначаецца, што асноўны тып функцыянальнага прызначэння пляца - грамадская забудова. Таксама магчымая жылая і транспартная забудова.
Раней пачатковы кошт лота быў блізу 26,6 млн рублёў, сёння яго знізілі на 70%. Цяпер пачатковы кошт - крыху большы за 8 млн рублёў, мінімальны - блізу 5,3 млн. Ёсць абцяжаранні ў выглядзе іпатэкі.
Зарэгістравацца на таргі можна да 20 верасня.

Нагадаем, у лютым гэтага года ў Магілёве вынеслі прысуд службовым асобам завода «Строммашына» за крадзеж і падробку. Фігуравала сума 605,94 рубля.
Як паведамляў Charter97.org, у ліпені гэтага года Аляксандр Лукашэнка заклікаў «загрузіць» «Строммашыну».