20 кастрычнiка 2023, Пятніца, 5:03
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускіх кіроўцаў чакаюць новыя змены

17
Беларускіх кіроўцаў чакаюць новыя змены

У некаторых выпадках пасведчанне кіроўцы будзе несапраўдным.

У Беларусі зноў хочуць змяніць закон аб дарожным руху. Адпаведны законапраект 19 верасня ў першым чытанні зацвердзілі ў "парламенце". На ўчарашнім пасяджэнні дэпутатаў намеснік начальніка ДАІ МУС Аляксандр Занімон даў тлумачэнні аб чаканых зменах.

У законапраекце ёсць пункт, з якім у некаторых выпадках пасведчанне кіроўцы будзе лічыцца несапраўдным. Намеснік начальніка ДАІ МУС Беларусі Аляксандр Занімон адзначыў, што калі норма будзе прынятая, то фізічная канфіскацыя дакумента не спатрэбіцца, да таго ж гэта цяжка будзе рэалізаваць (напрыклад, калі чалавек памёр або знік). Паводле ягоных слоў, ДАІ часам сутыкалася з выпадкамі, калі чалавек выкарыстоўваў чужое пасведчанне кіроўцы, але такія выпадкі адзінкавыя.

- Уводзіць канфіскацыю пасведчанняў кіроўцыу нейкія прававыя рамкі нерацыянальна. Мы выдаткуем значна больш адміністрацыйнага рэсурсу для таго, каб прыняць меры да іх канфіскацыі, чым атрымаем ад гэтага станоўчыя вынікі, - растлумачыў Аляксандр Занімон.

Намеснік начальніка рэспубліканскага ДАІ заявіў, што іх ведамства ўсё больш пераходзіць у свет цыфравізацыі і адмаўляецца ад шэрагу нязручных для грамадзян і дзяржорганаў працэдур. Ён нагадаў, што раней кіроўца абавязаны быў мець многія дакументы пры сабе, але зараз ад гэтага патрабавання адыходзяць, таму што ёсць магчымасць праверыць многія звесткі з інфармацыйных сістэм. Таксама ўжо няма неабходнасці фізічна забіраць пасведчанні кіроўцы ў людзей, якія пазбаўлены права кіравання, аб гэтым робяць адзнаку ў базе ДАІ і пры неабходнасці да яе можна звярнуцца ў любы час.

Таксама Аляксандр Занімон распавёў аб тым, як людзі карыстаюцца магчымасцю здаваць іспыт у кіраванні на аўто з аўтаматычнай КПП, гэтую норму прынялі ў 2022 годзе.

- Колькасць ахвочых на атрымання права кіравання аўто з каробкай-аўтамат не такая ужо вялікая. За год дзеяння закона ДАІ выдала блізу 120 такіх пасведчанняў. Усё ж нашы людзі кансерватыўныя, мяркуюць, што калі вучыліся кіраванню на «механіцы», то лепш і правы такія атрымаць, невядома, як жыццё зменіцца.

Са звестак ДАІ, блізу 70% аўташкол краіны даюць магчымасць вучыцца кіраванню на аўто з АКПП. Занімон мяркуе, што гэтая паслуга ў аўташколах будзе развівацца.

- Цяпер мы ўносім змены, каб урэгуляваць пытанне навучання і магчымасці здачы экзаменаў на механічнай і аўтаматычнай КПП. Магчыма, для кагосьці тут быў тормаз.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».