Каго закране новы ўказ аб бізнэсах з «непрыязных» краін?
- 20.09.2023, 15:31
- 9,788
Аналіз экспэрта.
Указ №285 ад 13 верасня 2023 года накладвае новыя абмежаванні на «непрыязны» замежны бізнэс: размяркоўваць прыбытак і дывідэнды ён зможа толькі праз спецрахункі, а выдаткоўваць іх толькі на пэўныя мэты, піша devby.io.
Указ апублікаваны і ўступіў у дзеянне, аднак пункт аб спецрахунках, які змяшчаецца ў ім, пачне дзейнічаць толькі ў выпадку "ўвядзення спецыяльнай абмежавальнай меры" на ажыццяўленне фінансавых аперацый для атрымання замежнымі ўдзельнікамі, уласнікамі маёмасці прыбытку і (або) дывідэндаў".
Для гэтага патрэбная пастанова саўміну. Юрыдычную базу пад абмежавальныя меры яшчэ раней прапісалі ў законе №280 ад 12 ліпеня 2023 года "Аб прымяненні спецыяльных абмежавальных мер". Там жа ўказалі і супраць каго яны могуць прымяняцца - супраць цэлых ("непрыязных") краін або асоб з гэтых краін.
Журналісты спыталі ў юрыста, супраць каго найперш накіраваны ўказ аб спецрахунку. Ці падпадуць пад яго кампаніі са спісу "непрыязных", замежным удзельнікам якіх ужо забаранілі адчужаць свае дзелі?
Калі і як гэта пачне дзейнічаць
- Супраць каго будзе накіраваная гэтая мера, вызначыць саўмін. Указ, відавочна, прыняты для таго, каб гэтую меру ўвесці.
У 280-м законе такая мера, як "абмежаванне распараджэння дывідэндамі", "ўстанаўленне мэт, на якія могуць быць выдаткаваныя дывідэнды", або ёй падобная проста не названая. Затое там згадана "ўстанаўленне забарон або абмежаванняў на правядзенне фінансавых аперацый" і зусім ужо агульныя "іншыя меры".
Вось зразумелі [ва ўрадзе], што для правільнай рэалізацыі такіх мер патрэбныя спецрахункі, і распрацавалі. Ніхто не стаў бы гэтага рабіць на ўсякі выпадак.
Чаму гэты ўказ не з'явіўся разам з нормай аб неабходнасці іх выкарыстання, для мяне загадка. Яшчэ адно пытанне - парадак рэалізацыі 280-га закона.
Яшчэ ні адна мера ў развіццё гэтага ліпеньскага закона не была рэалізаваная, і незразумела, ці трэба чакаць нейкіх новых “непрыязных дзеянняў” ці можна пачынаць іх рэалізоўваць ужо зараз, спасылаючыся, дапусцім, на санкцыі, якія доўжацца.
Для чаго
Сітуацыю варта ацэньваць у комплексе, улічваючы некалькі дакументаў:
- Пералік кампаній, замежным удзельнікам у якіх забаронена адчужаць дзелі. Мэта - пакінуць бізнэс тут.
- Указ аб спецрахунку разам з 280-м законам і будучай пастановай Саўміна. Мэта - пакінуць дывідэнды і ўсё заробленае тут.
- Закон аб вонкавым кіраванні. Тым кампаніям, якія захочуць згарнуць дзейнасць і не будуць зарабляць грошы, можна будзе прызначыць вонкавае кіраванне.
Які бізнэс зазнае перш за ўсё
- ІТ-бізнэс указ закране, напэўна, у найменшай ступені? Проста не будуць ніводнай лішняй капейкі ў краіну завозіць?
- Так, верагодна, асноўны адрасат указа - заводы і буйныя дыстрыбутары.