29 лiстапада 2023, Серада, 2:51
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

ААЭ далучацца да тэхналагічных санкцый супраць Расеі

3
ААЭ далучацца да тэхналагічных санкцый супраць Расеі

Пасля пачатку вайны Эміраты сталі адным з найбуйнейшых хабаў для паралельнага імпарту ў РФ.

Аб'яднаныя Арабскія Эміраты разглядаюць магчымасць увядзення экспартнага кантролю ў дачыненні да Расеі – аналагічнага таму, што ў рамках санкцый увялі ЗША і Еўразвяз.

Як паведамляе Bloomberg са спасылкай на знаёмыя з сітуацыяй крыніцы, захады ААЭ могуць закрануць чыпы і дзясяткі іншых тавараў падвойнага прызначэння, якія могуць выкарыстоўвацца для вытворчасці ўзбраенняў. Калі экспартны кантроль будзе задзейнічаны, то для паставак такой прадукцыі ў РФ спатрэбіцца ліцэнзія ўраду ААЭ.

Пасля пачатку вайны і ўвядзення санкцый Эміраты сталі адным з найбуйнейшых хабаў для паралельнага імпарту ў Расею: тысячы кампаній адкрылі прадстаўніцтвы ў Дубаі, куды, паводле ацэнак Fortune, разам з грашыма перабралася да 30% заможных расейцаў. Гэта выклікала гнеў еўрапейскіх і амерыканскіх чыноўнікаў, якія як мінімум тройчы сёлета наведвалі ААЭ, каб пераканаць мясцовыя ўлады спыніць парушэнні санкцый.

Апошні такі візіт адбыўся ў верасні 2023 года, расказваюць крыніцы Bloomberg: дэлегацыі з ЗША, Брытаніі і ЕЗ выказалі заклапочанасць тым, што Эміраты застаюцца транзітным хабам, праз які ў Расею трапляе падсанкцыйная прадукцыя.

Цяпер заходнія дыпламаты настойваюць, каб ААЭ увялі экспартны кантроль датычна 45 таварных пазіцый, уключаючы высокатэхналагічныя. Сярод іх, напрыклад, – электроніка для дронаў, крылатых ракетаў і гелікаптэраў, якія выкарыстоўваюцца ў вайне супраць Украіны. Канчатковую пастанову пра далучэнне да тэхналагічных санкцый супраць Расеі ў ААЭ яшчэ не прынялі, падкрэсліваюць крыніцы Bloomberg. Узамен Эміраты спадзяюцца на выключэнне з «шэрага спісу» краінаў FATF (Група распрацоўкі фінансавых захадаў у барацьбе з адмываннем грошай).

Папярэднія візіты заходніх чыноўнікаў у ААЭ заканчваліся сумна для расейскіх кампаній. Зімой намеснік міністра фінансаў і куратар фінансавай выведкі ЗША Браян Нэльсан папярэдзіў мясцовых чыноўнікаў пра гатоўнасць уводзіць санкцыі супраць кампаній і фізічных асобаў, якія дапамагаюць абыходзіць захады ў дачыненні да Расеі. Праз некалькі дзён пасля візіту Нэльсана «дачку» ў ААЭ быў вымушаны закрыць Ашчадбанк, а яшчэ праз два тыдні мясцовы рэгулятар адклікаў ліцэнзію на банкаўскія аперацыі ў «дачкі» МТС-Банка.

У красавіку стала вядома, што другі ў памеры актываў банк ААЭ – Emirates NBD (ENBD) – пачаў блакаваць інвестыцыйныя рахункі кліентаў з РФ, якія пераводзілі ў Дубай актывы, што захоўваліся ў еўрапейскіх дэпазітарыях.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках