Брытанскія ўлады абвінавацілі пяцярых балгараў у шпіянажы на карысць Расеі
2- 21.09.2023, 20:33
- 3,242
Расследаванне вядзе Управа ў барацьбе з тэрарызмам.
Каралеўская пракуратура Вялікай Брытаніі высунула абвінавачанні ў шпіянажы на карысць Расеі пяцярым грамадзянам Балгарыі. Абвінавачаныя Арлін Русеў, Бізер Джамбазаў, Іван Стаянаў, Катрын Іванова і Ваня Габерава ў перыяд з 30 жніўня 2020 года да 8 лютага 2023 года збіралі інфармацыю, якая магла несці пагрозу бяспецы і інтарэсам Вялікай Брытаніі, гаворыцца ў паведамленні ўстановы.
У лютым 2023 года траім з іх – Русеву, Джамбазаву і Івановай – былі высунутыя абвінавачанні ў захоўванні фальшывых дакументаў. Паводле інфармацыі, пададзенай следствам, Арлін Русеў гуляў каардынавальную ролю і служыў злучальным звяном пры зборы інфармацыі. Таксама ёсць папярэднія звесткі пра ягоны ўдзел у стварэнні фальшывых дакументаў. Паводле звестак цэнтра «Дасье», Русеў валодаў кампаніяй, якая спецыялізуецца на перахопе сігналаў, і даваў абсталяванне для сачэння інфарматару спецслужбаў Расеі Яну Марсалеку.
Бізер Джамбазаў і Катрын Іванова, як сцвярджаюць іх суседзі, былі парай. Паводле звестак LinkedIn, Джамбазаў працаваў у лякарні, а Іванова – лабаранткай у прыватнай медыцынскай кампаніі. Акрамя таго, яны ўзначальвалі арганізацыю, арыентаваную на знаёмства балгараў з брытанскай культурай і традыцыямі, а таксама аказвалі падтрымку выбарчым камісіям у Лондане, арганізуючы галасаванне для грамадзянаў Балгарыі, якія знаходзяцца за мяжой.
Расследаванне ў дачыненні да пяцярых балгараў вядзе Управа ў барацьбе з тэрарызмам. Судовы разбор іх справы запланаваны на 26 верасня ў Вестмінстэрскім судзе.