«Нам прадалі інфармацыю з Google»
20- 24.09.2023, 21:39
- 15,936

25 беларусаў падалі ў суд на курсы з інстаграмніцай – чым усё скончылася.
У Instagram усе толькі і робяць, што жывуць прыгожа. Вам таксама так можна: спецыяльна навучаныя людзі прыдумляюць і прадаюць курсы, як асвоіць новую прафесію і павялічыць прыбытак. А калі вучоба не спадабалася? Практычна цэлы курс патэнцыйных таргетолагаў нядаўна праверыў, што будзе, калі пайсці з гэтым у суд, піша Onliner.
«Здавалася, блогеры дрэннага не параяць»
Вольга (імя змененае на просьбу гераіні) была сярод тых, хто набыў курсы таргету, якія ў выніку прывялі яе ў суд. Дзяўчына кажа, што заўважыла ў вядомых блогераў таргетолага, якая мусіла ўдзельнічаць у навучанні. І таксама надумала запісацца.
Тая самая таргетолаг была з дзясяткамі тысячаў падпісчыкаў у Instagram і, як яна сама ўказвала, навучыла больш за 150 чалавек.
– Я выбрала гэтыя курсы не таму, што хтосьці рэкамендаваў гэтую спецыялістку як таргетолага, а таму, што яна часта мільгала ў блогераў, кажа Вольга. – Яны расказвалі яе шлях, што такая дзяўчынка з глыбінкі прабілася, і гэта падкупіла. Пра яе прафесіяналізм уяўлення не было. Бачыла рэкамендацыі блогераў, здавалася, што яны не будуць дрэннага раіць, таму што таксама шанаваныя ў сваёй аўдыторыі.
Кошт залежаў ад часу пакупкі і ўмоваў (нехта набыў ментарства) – ад 1390 да 2390 рублёў.
Першыя заняткі былі 5 студзеня 2023 года. Прыкладна праз месяц Вольга прыйшла да высновы, што праграма не адпавядае таму, што абяцалі. Дзяўчына кажа, што спыніць навучанне захацелі і іншыя людзі ў групе, у якіх назапасіліся пытанні да актыўнага ў Instagram таргетолага і да ІП з тым самым прозвішчам – арганізатара курсаў.
– Мы пісалі, што хочам перапыніць навучанне. Пасля гэтага нам закрылі доступ да чатаў, залілі пакінутыя модулі на платформу GetCourse і сказалі, што аказалі нам паслугі ў поўным аб'ёме. Навучанне было закрытае.
Навучанне ў іншым месцы Вольга пастанавіла пакуль не прадаўжаць.
– Я вельмі апяклася на гэтым досведзе, была ў шоку, што такія рэчы можна прадаваць як навучанне.

«Рэдкі выпадак»
Сітуацыі, калі кліенты незадаволеныя курсамі, здараліся і раней. Як правіла, праблема развязваецца вяртаннем грошай прапарцыйна аб'ёму паслуг. Таму да суда такія канфлікты даходзяць рэдка, тлумачыць юрыстка Наталля Гурневіч, якая працавала ў грамадскім аб'яднанні «Рэгіянальнае таварыства абароны спажыўцоў» і займалася гэтай справай.
– У грамадскім аб'яднанні такога прэцэдэнту не было, каб 25 чалавек з 29 навучэнцаў пайшлі ў суд, каб вярнуць грошы. Так што гэта рэдкі выпадак.
Што менавіта не спадабалася людзям на курсах? Першыя тры модулі былі пра апусканне ў сферу таргету, «прапрацоўку мыслення» і падрыхтоўку Instagram да наладжвання рэкламы. Потым паводле плану быў модуль «Прафесійны таргетолаг» – вось на ім і пачаліся праблемы. «Інфармацыю, якая там была, можна было знайсці ў інтэрнэце. Нам прадалі інфармацыю з Google», – здзівіліся слухачы курсу і палічылі гэта плагіятам.
Гэтыя падазрэнні праверыў потым суд – і прыйшоў да высновы, што «інфармацыя, якая давалася ў модулі 4, ёсць у адкрытых крыніцах у сетцы інтэрнэт».
Яшчэ адзін момант – праверка хатніх заданняў. На выкананых працах ставілі «сэрца» ці «ракету», гэта і была зваротная сувязь.
Перад навучаннем быў вэбінар, на якім абяцалі модуль пра працу з кліентамі з Амерыкі і Еўропы, лекцыі з юрыстам і бухгалтарам, дадатковыя матэрыялы, але кліенты гэтага не атрымалі.

Арфаграфічныя памылкі ў матэрыялах, нецэнзурная лексіка ў адным з модуляў, незразумелая кваліфікацыя куратараў – увогуле, пытанняў станавілася ўсё больш.
Даюць сертыфікат, але гэта не вучоба на таргетолага?
У судзе бок адказчыка спрабаваў даказаць, што закон аб абароне правоў спажыўцоў не распаўсюджваецца на канфлікт з вучнямі і ўвогуле некаторыя з іх пазіцыянуюць сябе як таргетолагі. Суд не пагадзіўся: некаторыя ўказвалі гэтую інфармацыю ў сацсетках як частку хатняга задання, а нехта ўжо паспеў прайсці іншыя курсы таргетынгу.
І яшчэ цікавы момант: адказчык настойваў, што мэтай курсаў не было навучанне прафесіі таргетолага. Пры гэтым выпускнікам адпраўлялі сертыфікаты з указаннем «таргетолаг».

Што трэба ведаць, калі хочаце вярнуць грошы за курсы?
Тлумачыць юрыстка Наталля Гурневіч:
– У гэтым выпадку паслугі не пазіцыянаваліся як адукацыйныя, проста як інфармацыйна-кансультацыйныя, адказчык настойваў на гэтым у судзе. Але ў той самы час, калі даваў тлумачэнні, некалькі разоў гаварыў пра навучанне.
Калі спажывец заключае такую дамову, трэба яе ўважліва вывучыць і зразумець, ці з'яўляецца асоба, якая прапануе паслугу, індывідуальным прадпрымальнікам або юрыдычнай або фізічнай асобай. Калі гэта юрыдычная асоба ці ІП, то ў такім выпадку вярнуць сродкі можна, але трэба браць да ўвагі два моманты:
1) калі можна скасаваць дамову, бо паслуга няякасная;
2) дамову можна скасаваць у аднабаковым парадку. У такім выпадку трэба ўлічыць фактычна панесеныя выдаткі адказчыка, звычайна гэта азначае, што можна вярнуць грошы за тую частку курсу, якую вы не прайшлі. Да фактычна панесеных адносяць тыя выдаткі, якія ўжо панёс адказчык на праходжанне курсу гэтым спажыўцом. Гэта можа быць аплата платформы, заробак выкладчыка, калі курс афлайн – арэнда памяшкання.
Калі судом будзе вызначана парушэнне правоў спажыўца, то закон дазваляе спагнаць кампенсацыю маральнай шкоды. Памер кампенсацыі будзе разлічаны судом зыходзячы з маральных пакутаў спажыўца.

Што пастанавіў суд
Навучэнцы прайшлі палову курсу, таму прэтэндавалі на вяртанне 50% кошту.
– Калі б не было моцнай доказнай базы, складана сказаць, як бы ўсё павярнулася. Справа была ці то на 6, ці то на 7 тамоў, мы прыносілі скрыншоты, перапіскі, запісы з экранаў, запісы вебінару і першага ўступнага ўрока. Таму змаглі даказаць, што абяцалі кліентам адно, а ў выніку яны атрымалі іншае, – тлумачыць юрыстка.
Развязка атрымалася дарагой – ІП трэба будзе выплаціць амаль 63 тысячы рублёў.
Пастановай суда навучэнцам павінны вярнуць палову кошту курсаў, няўстойку памерам 100 рублёў і кампенсаваць маральную шкоду памерам 100 рублёў.
Усяго гэта 25740 рублёў. Такі ж памер складзе штраф (90% пойдзе ў бюджэт, 10% – Рэгіянальнаму таварыству абароны спажыўцоў). Акрамя гэтага, адказчык павінен заплаціць 6528 рублёў грамадскаму аб'яднанню за прадстаўленне інтарэсаў навучэнцаў у судзе і дзяржмыту 4975 рублёў. Пастанова суда не набыла моц і можа быць абскарджаная.
Журналісты Onliner звязаліся з ІП – адказчыкам у судзе і таргетолагам, які выступаў як трэці бок, але яны адмовіліся даваць каментары для публікацыі.