«Калону танкаў знішчаюць за тры хвіліны»: на полі бою ва Украіне адбылася рэвалюцыя
16- 29.09.2023, 15:17
- 71,526
WSJ расказаў аб новай тактыцы УСУ.
Тэхналагічная рэвалюцыя на полі бою ва Украіне істотна змяніла сучасную вайну: дроны ды іншыя сістэмы назірання робяць немагчымым ужыванне тактык, да якіх звыклі заходнія партнёры Украіны і ўжывання якіх чакалі ад УСУ ў контрнаступе.
Аб гэтым піша ў сваім матэрыяле амэрыканскі Wall Street Journal.
"Раз уздоўж лініі фронту ў паветры адначасова знаходзяцца тысячы ўкраінскіх і расейскіх беспілотнікаў — ад танных квадракоптараў да крылатых лятальных апаратаў далёкага радыюсу дзеяння, здольных пралятаць сотні кіламэтраў і сачыць за цэллю гадзінамі — змянілася сама прырода вайны", — адзначае выданне. Прычым беспілотнікі — толькі адзін з элементаў такіх змен, падкрэслівае WSJ. Да іх належаць таксама новыя інтэграваныя сістэмы кіравання боем, якія даюць доступ да выяў і лакацый у рэжыме рэальнага часу вайскоўцам аж да ўзроўняў звязаў і аддзяленняў (у выпадку Украіны — дзякуючы сетцы Starlink), што зрабіла цэлепаказанне фактычна імгненным.
«Сёння калону танкаў або калону наступальных войскаў можна выявіць за 3-5 хвілін і пацэліць яшчэ за 3 хвіліны. «Выжывальнасць» [войскаў] на маршы — не больш за 10 хвілін, — цытуе WSJ Вадзіма Скібіцкага, намесніка кіраўніка ГУВ Мінабароны Украіны. — Дасягаць сюрпрызаў стала вельмі цяжка».
Менавіта таму цяперашняя тэхналагічная рэвалюцыя ў расейскай вайне супраць Украіны "ставіць пад сумнеў здзяйсняльнасць пэўых асноўных канцэпцый амэрыканскай ваеннай дактрыны", — канстатуе выданне.
Сярод іншага агульнавайсковыя манэўры з выкарыстаннем вялікіх груп панцырнай тэхнікі і танкаў для хуткага прарыву — тое, чаго Вашынгтон і яго хаўруснікі чакалі ад наступу Украіны гэтым летам — могуць быць немагчымымі як такія ў прынцыпе, кажуць паасобныя жаўнеры. Неўнікнёным наступствам гэтага, на думку ўкраінскіх камандзіраў, з`яўляецца тое, што канфлікт закончыцца не скора.
Такія змены толькі цяпер пакрысе прызнаюць і заходнія адмыслоўцы, сведчаць каментары ў матэрыяле WSJ. "Дні маштабных панцырных штурмаў, дзякуючы якім выпадала захапіць шмат кіламэтраў тэрыторыі за адзін раз, як мы гэта рабілі ў 2003 годзе ў Іраку — такога больш няма, бо беспілотнікі цяпер сталі настолькі эфектыўнымі", — адзначае Брэдлі Кроўфард, старшы сэржант войска ЗША ў адстаўцы, ветэран вайны ў Іраку, які цяпер трэнуе ўкраінскіх вайскоўцаў пад Бахмутам у рамках прыватнай ініцыятывы.
Адным з пераваг выкарыстання дронаў пры гэтым з'яўляецца іх параўнальная таннасць. Напрыклад, кожны беспілотнік FPV — зброя, якую сталі вельмі шырока выкарыстоўваць улетку 2023 года — каштуе менш, чым звычайны 155-мм артылерыйскі набой цаной блізу 3000 даляраў, не кажучы ўжо пра баявыя танкі, якія ацэньваюцца на мільёны даляраў. У той жа час, нагадвае WSJ, сучасныя беспілотнікі валодаюць дастатковай дакладнасцю і хуткасцю, каб здагнаць усякую панцырную машыну ў руху, і, пры ўмове ўмелага пілатавання, могуць пашкодзіць нават самыя сучасныя танкі і гаўбіцы. Таннасць дронаў таксама азначае, што іх можна выкарыстоўваць супраць кожнай цэлі, у тым ліку аўтамабіляў і невялікіх груп жаўнераў, дзеля чаго дарогі ў радыюсе некалькіх міль ад лініі фронту цяпер апусцелі.
«Да таго, як мы пачалі лётаць сюды [у ваколіцу Бахмута], у расейцаў быў такі рух, што ў Бахмуце былі заторы. Цяпер жа ў Бахмуце ўсе дарогі пустыя», — расказаў выданню пілот БЛА, прадстаўнік Цэнтра спецыяльных аперацый А ў складзе СБУ. За работай гэтых аператараў дронаў, дыслакаваных каля Часавага Яра, мелі магчымасць назіраць журналісты WSJ: на іхніх вачах украінскі дрон падарваў пікап, поўны расейскіх вайскоўцаў.
Цэнтр спецыяльных аперацый А ў СБУ з'яўляецца адным з шматлікіх украінскіх падраздзяленняў, якія выкарыстоўваюць беспілотнікі FPV. Паводле ягоных звестак, з 1 чэрвеня толькі аператары гэтага цэнтра знішчылі на ўсходзе і поўдні Украіны 113 расейскіх танкаў, 111 баявых машын і 68 артылерыйскіх сістэм, што нанесла акупантам страты колькасцю блізу 700 чалавек.
Аднак расейцы таксама маюць вялікія ўласныя магчымасці ўжывання беспілотнікаў, да таго ж хутка іх удасканальваюць. Журналісты WSJ расказваюць, што праз некалькі хвілін пасля таго, як каманда Цэнтра А паспрабавала ўладкаваць пазіцыю ў адным з шматпавярховікаў Часавага Яра, яе заўважыў расейскі беспілотнік, і будынак абстралялі з мінамётаў. Украінскім вайскоўцам давялося хутка пакінуць будынак, а затым адыходзіць групамі па двое з вялікімі інтэрваламі.
У параўнанні з пачаткам 2022 года Расея хутка здаганяе, а часам і перасягае магчымасці Украіны ў выкарыстанні беспілотнікаў. Да таго ж, кажуць украінскія камандзіры, шмат якія БЛА, якія былі дзейснымі яшчэ некалькі месяцаў таму, хутка састарэлі і цяпер маюць патрэбу ў пераробліванні, каб пераадольваць варожыя перашкоды.
У чэрвені 2023 года, калі Украіна пачала свой бягучы контрнаступ, усюдыісныя расейскія беспілотнікі хутка заўважалі яе калоны кожны раз, калі УСУ збіралі разам больш чым некалькі танкаў і баявых машын пяхоты — а затым ўкраінскую тэхніку абстрэльвалі артылерыяй, ракетамі, выпушчанымі з гелікаптэраў, і раямі дронаў. А мінныя палі накіроўвалі гэтыя калоны ў зоны абстрэлу. З такой жа праблемай сутыкнуліся раней і расейскія вайскоўцы, калі вялікімі танкавымі сіламі яны спрабавалі рушыць наперад да места Вуглядара ў студзені 2023 года, а таксама падчас далейшых меншых спроб панцырных атак. Заўважаныя ўкраінцамі з паветра, гэтыя калоны таксама былі хутка знішчаныя.
Таму цяпер, пасля пачатковых адчувальных страт заходняй тэхнікі, украінскія войскі перайшлі да дзеянняў невялікімі групамі, якія дабіраюцца да лініі фронту з дапамогай транспарцёраў, а затым спрабуюць прасоўвацца ад адной лініі дрэў да другой. «На жаль, цяпер большая частка нашага наступу ажыццяўляецца пешшу, — адзначыў кіраўнік ГУВ Кірыла Буданаў. — Люстраную сітуацыю можна было назіраць мінулай восенню, калі расейцы вялі ўласны наступ, перш за ўсё на Бахмут. Выкарыстанне цяжкай панцырнай тэхнікі таксама было мінімальным, усе ваявалі пешшу. Я не думаю, што цяпер нешта будзе інакш».
Такіх войнаў войска ЗША не вяло з часоў Карэйскай вайны 1950-х гадоў, канстатуе WSJ. Сучасная заходняя вайсковая падрыхтоўка і адпаведныя абаронныя закупы былі сфармаваныя з улікам дзесяцігоддзяў «супрацьпаўстанцкіх» аперацый, зазвычай супраць значна больш слабых сіл супраціўніка, напрыклад у Іраку і Афганістане. Гэта прывяло да засяроджвання намаганняў на дарагіх і складаных сістэмах зброі, якія не здольныя доўга пражыць у поўнамаштабным канфлікце з супраціўнікам прыкладна роўнага ўзроўню.
«Значная частка заходняй панцырнай тэхнікі тут проста не працуе, бо яна стваралася не для татальнай вайны, а для канфліктаў нізкай або сярэдняй інтэнсіўнасці. Калі кінуць такую зброю ў маштабны наступ, гэта проста не спрацуе », — цытуе WSJ Тараса Чмута, дырэктара фонду “Повернись живим”, які збірае сродкі на забеспячэнне ўкраінскіх падраздзяленняў беспілотнікамі, тэхнікай і зброяй. Нават самыя дарагія танкі выявіліся ўразлівымі для старых наземных мін. Таму, перакананы Чмут, трэба было б засяродзіцца на забеспячэнні ўкраінскіх перадавых падраздзяленняў вялікай колькасцю больш танных і простых сістэм. WSJ называе гэта "гістарычнай навукай", якая нагадвае пра часы Другой сусветнай вайны, калі савецкія танкі Т-34 і амерыканскія танкі Шэрман значна саступалі нямецкім "Тыграм" і "Пантэрам", аднак іх можна было масава вырабляць, ставіць у шыхт у значна большай колькасці і лягчэй рамантаваць на полі бою.
Заходнія вайсковыя планавікі змушаныя зважаць на такія змены, адзначаюць аўтары матэрыялу. “Мы маем засвоіць шмат навукі. Адзін з іх у тым, што колькасць сама сабой з'яўляецца якасцю, — адзначыў генерал-маёр Крысціян Фройдынг, кіраўнік аддзела аперацый ва Украіне ў Міністэрстве абароны Нямеччыны, — Вам трэба колькасць, вам патрэбныя сілы. Мы на Захадзе скарацілі нашы войскі, скарацілі нашы запасы. Але колькасць мае значэнне, маса мае значэнне».
Калі ж гаворка ідзе аб танках, навука вайны РФ супраць Украіны ў тым, што простыя танкавыя баі сталі рэдкасцю. А гэта азначае, што параўнальная складанасць і навізна танка ўжо не такія важныя. Паводле ўкраінскіх службоўцаў, менш за 5% танкаў, знішчаных з пачатку вайны, былі падбітыя іншымі танкамі, тады як астатнія былі пашкоджаныя мінамі, ударамі артылерыі, супрацьтанкавых ракет і беспілотнікаў.