Нідэрландзец Ферстапен устанавіў унікальны рэкорд «Формулы-1»
1- 3.09.2023, 19:28
- 4,380
Дзейны чэмпіён «Формулы-1» пабіў рэкорд Феттэля.
Чэмпіён «Формулы-1» двух апошніх сезонаў нідэрландзец Макс Ферстапен стаў пераможцам Гран-пры Італіі – 14-га этапу каралеўскіх гонак, які прайшоў на аўтадроме ў Монцы.
25-гадовы Ферстапен здабыў сваю 47-ю перамогу ў кар'еры і 12-ю ў сезоне. Таксама нідэрландзец выйграў дзясятую гонку запар, пабіўшы рэкорд Себасцьяна Фетэля, у якога было дзевяць перамог запар у 2013 годзе.
Другім фінішаваў партнёр Ферстапэна па камандзе мексіканец Серхіа Перэс, трэцім – гішпанец Карлас Сайнс (Ferrari).
Ферстапен працягвае лідзіраваць у асабістым заліку, у яго 364 балы, у Перэса – 219, у Фернанда Алонса (Aston Martin) – 170. У Кубку канструктараў першае месца ў Red Bull (583 балы).
Наступны этап «Формулы-1» пройдзе ў Сінгапуры 17 верасня.