У Лідзе жанчына сушыла грыбы над газавай плітой і ледзь не спаліла дом
3- 10.10.2024, 12:10
- 2,778
Патушыць агонь да прыезду ратавальнікаў дапамог муж.
8 кастрычніка прыкладна а 07:32 ратавальнікі выязджалі на вуліцу Шчорса ў Лідзе, дзе на прыватным падворку гарэў жылы дом. Калі супрацоўнікі МНС прыбылі на месца, у доме адчуваўся пах гару, аднак на кухні не было відавочных слядоў пажару.
Як расказала гаспадыня, яна пакінула грыбы сушыцца над газавай плітой і пайшла займацца гаспадарчымі справамі. Праз некаторы час жанчына адчула пах гару, а затым убачыла, што гарыць кухоннае начынне. Аб здарэнні яна адразу паведаміла ў МНС і разам з мужам пачала тушыць агонь.
Да прыбыцця ратавальнікаў агонь быў патушаны. У выніку здарэння пашкоджаная мэбля, закураныя сцены і столь на кухні.
"Верагодней за ўсё, сушэнне грыбоў над газавай плітой прывяло да пажарнай надзвычайнай сітуацыі", — мяркуюць у МНС.