Сітуацыя для Лукашэнкі складаецца вельмі няпростая
31- 10.10.2024, 19:09
- 38,214
Хворы дыктатар узяў паўзу.
Састарэлы беларускі дыктатар, які вярнуўся пасля трохдзённага знаходжання ў Расеі з новым «нашыйнікам» ад Уладзіміра Пуціна, накіраваўся не ў сваю ўлюбёную рэзідэнцыю ў Астрашыцкім Гарадку пад Менскам, а надумаў наведаць «месца сілы» - сваю малую радзіму ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна, піша Юрый Гнідзін для UDF.
Гэта ўскосна яшчэ раз пацвярджае чуткі аб дрэнным стане здароўя Аляксандра Лукашэнкі, які ў Маскве спачатку вельмі цяжка дыхаў, даючы інтэрв'ю расейскаму прапагандысту Паўлу Зарубіну, а затым "засвяціўся ў кадры", калі ў адрозненне ад астатніх лідараў СНД не змог самастойна падняцца на другі паверх у залу пасяджэння і скарыстаўся ліфтам.
І вось зараз - замест таго, каб вярнуцца ў Менск, шклоўскі дыктатар нечакана адправіўся ў сваё «месца сілы».
Апошні раз у Александрыі Лукашэнка быў у ліпені 2024 года. Ён прыехаў туды пасля таго, як у СМІ з'явілася інфармацыя аб тым, што яму стала дрэнна на саміце ШАС у Астане. Некаторыя крыніцы паведамлялі, што Лукашэнка нават страціў прытомнасць на вачах у лідараў іншых краін.
Відаць, перамовы з Уладзімірам Пуціным для беларускага дыктатара былі няпростымі. Афіцыйных каментароў, аб чым дамовіліся бакі пакуль няма. Але калі Лукашэнка надумаў па дарозе ў Менск зноў наведаць гэтае загадкавае «месца сілы», палітычная сітуацыя для яго складваецца вельмі няпростая. Вось і даводзіцца браць паўзу для прыняцця нейкай важнай пастановы, аб якой нам трэба будзе даведацца ў найбліжэйшыя дні.