10 снежня 2024, aўторак, 1:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Даставай партманэт і рабі ўсё платна»

9
«Даставай партманэт і рабі ўсё платна»

Беларуска паскардзілася на «бясплатную» медыцыну.

Беларуска адзначыла ў TikTok «вялікі гонар» нашай краіны - бясплатную медыцыну. Аднак на сваёй практыцы спадарыня пераканалася, што нават пры наяўнасці моцных боляў, калі хочаш хутчэй патрапіць да лекара і атрымаць лячэнне, то давядзецца нямала заплаціць. Большасць гледачоў пагадзіліся з блогеркай, але былі і тыя, хто засумняваўся ў яе словах, яны прапаноўвалі спадарыні параўнаць нашу медыцыну з еўрапейскай ці амерыканскай, а то і зусім з'ехаць з Беларусі, піша «Зеркало».

Блогерка распавяла, што гэтым летам у яе «было абвастрэнне - зашчамленне [нерва] у паясніцы», з-за вострых боляў яна нават не магла нахіліцца. Ускладнялася ўсё тым, што яна знаходзіцца ў дэкрэце і даглядае малое дзіця. Беларуска звярнулася да лекара. Паводле ейных слоў, пацыентка «з боем» прайшла камп'ютарную тамаграфію і трапіла да неўролага, ёй удалося пралячыцца.

Нядаўна болі ў спіне ў жанчыны аднавіліся. Яна зноў адправілася на прыём да лекара разам з дзіцем - яго не было з кім было пакінуць, бо тата дзіцяці працуе. Чарга надумала прапусціць маму ў кабінет без чакання.

@yulechkamishkina_ Нехватит три минуты что б все рассказать но сегодня был такой треш. Как я пришла с болями с ребёнком? А куда я его дену, обьяснице. Мне пришлось чуть не со слезами доказывать что у меня действительно болит поясница. Сначала врачу, потом заведующей. Этого три дня больничного с лечением которое не поможет. #рекомендации #бесплатнаямедицина ♬ оригинальный звук - 🌹Юлечка🌹MамаAнгелочка🌹

Спадырыня расказала спецыялісту аб болях у спіне і папрасіла прызначыць лячэнне хаця б на некалькі дзён, падчас якіх дзіця будзе даглядаць бацька, а маці не будзе нахіляцца і падымаць цяжкасці.

- Яна сказала, што мне трэба рабіць МРТ (магнітна-рэзанансная тамаграфія), але бясплатнага абследавання трэба чакаць амаль год. Маўляў, калі хочаце хутка, то рабіце платна. Што да неўролага - каб патрапіць да яго, трэба чакаць не ведаю колькі месяцаў, патрапіць да яго я не магу.

Пацыентка адзначыла, што на прыёме ёй усё ж прызначылі лячэнне: ёй трэба выкарыстоўваць мазь, піць абязбольвальны і супрацьзапаленчы прэпарат. Аднак беларуска ўпэўнена, што з яе праблемай такія прызначэнні "гэта ўсё не тое".

- Даставай партманэт і рабі ўсё платна. Усё сур'ёзнае, з чым бы ты не сутыкнуўся, трэба рабіць за грошы. Бо бясплатна - гэта або чэргі, або некваліфікаваныя лекары. Усе кваліфікаваныя лекары ў нас сышлі ў платныя клінікі, а засталіся практыканты. Добрыя спецыялісты ёсць, але іх мала.

У каментарах спадарыня адзначыла, што яе заўсёды дзівіла, што ў платных клініках гэтак жа, як і ў бясплатных, шмат наведвальнікаў, але запіс да лекара можна атрымаць праз тыдзень, але часцей за ўсё ўжо на наступны дзень. Блогерка расказала, што мела падобны досвед не толькі, калі абследавалася сама, але таксама яна звярталася да платнага дзіцячага алерголага і неўролага.

У каментарах большасць карыстальнікаў пагадзіліся з аўтаркай роліка. Многія дзяліліся сваімі гісторыямі і наракалі на тое, што ў дзяржаўнай паліклініцы ім не прызначаюць патрэбныя працэдуры. Але былі і тыя, хто абураўся ад сказанага блогеркай, яны запэўнівалі, што медыцына ў нас «самая лепшая», прапаноўвалі параўнаць яе з той, што ў Еўропе ці Амерыцы. Некаторыя і зусім заяўлялі, што ціктокерка можа з'ехаць з Беларусі, калі ёй тут нешта не падабаецца.

Вось некалькі каментароў, якія пакінулі гледачы:

• «У Беларусі няма медыцыны ўвогуле і хадзіць бессэнсоўна, асабліва ў паліклініку».

• «Я МРТ чакала чатыры месяцы, але высветлілася, што з вострым болем мяне б прынялі і зрабілі гэтае даследаванне, вось толькі лекары нам пра гэта не гавораць».

• «Лекар агульнай практыкі будзе дыягназ на вока ставіць, пяць разоў лячэнне мяняць і ў выніку ўсё адно пойдзеш усё платна праходзіць і лячыць».

• «Мне трэба было абследаваць судзіны, сказалі, што чарга на паўгода-год, а платна можна праз гадзіну. Нішто так дорага не каштуе, як усё бясплатнае».

• «У Баранавічах няма добрых лекараў, пачынаючы ад самога тэрапеўта. Прыходзіш, тлумачыш праблему, а ён глядзіць у інтэрнэт і гаворыць, чым трэба лячыцца».

• «Як я вас разумею. Прыйшла з талонам на час, зайшла толькі праз дзве гадзіны. Лячэнне нармальнае не прызначылі, сказалі, у вас добрае дыханне і ўсё роўна, што задушлівы кашаль. Цяпер стан пагоршыўся, заўтра іду ў платную».

• «У мяне была такая праблема, высветлілася, што ёсць міжпазваночная кіла. Лячыць асабліва не хацелі, сказалі, што прытвараюся, бо на дварэ зіма, а я працую дворнікам. У выніку дацягнулі, што страчвала адчувальнасць нагі, я яе не магла кантраляваць. Пасля аперацыі нага прыйшла ў норму».

• «Баліць паясніца з пачатку года. Хаджу і прашу камп'ютарную тамаграфію — адмаўляюць. Платна каштуе 800 рублёў. Віцебск».

• «Бясплатная медыцына - гэта базавы прыём, які проста палягчае жыццё людзей з маленькім заробкам або ў цяжкай сітуацыі».

• «Я за пяць гадоў звярнулася да хірурга толькі пасля складанага пералому (год на лістку непрацаздольнасці). Мне парэкамендавалі толькі прыватнага лекара, зараз за свае грошы і хаджу, а я-то хацела за падаткі».

• «Вы не сутыкаліся з рэальнай медыцынай, яна ў нас на годным узроўні. А хто хоча кавы на прыёме - у платную. Пакаленне ўтрыманцаў, якія не ўмеюць карыстацца грамадскімі дабротамі».

• «Бясплатна - дорага, коштам можа стаць ваша жыццё, таму што чэргі па паўгода. А за паўгода ваша здароўе можа пайсці пад адхон і не аднавіцца».

• «Былі праблемы ў гінекалогіі, схадзіла на бясплатны прыём. Што схадзіла, што вады папіла. У выніку пайшла ў платную клініку, дапамаглі».

• «Усё, што вы кажаце, абсалютная праўда, але ёсць выйсце ў гэтай сітуацыі. Выклікаеце хуткую, едзеце ў стацыянар, там усё бясплатна, плюс лісток непрацаздольнасці тату, калі вы ў дэкрэце».

• «У мяне анкалогія, кожны год трэба праходзіць калонаскапію. Чакала сваёй чаргі паўгода, пайшлі зноў метастазы. Калі рабіць тэрмінова і платна - 300 рублёў, а пенсія 600 рублёў».

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках