На святкаванні «Дажынак» у Капыльскім раёне вясковец напаў на старшыню калгаса
6- 10.10.2024, 17:19
- 7,992
У руках у яго была «ружачка».
Трагедыяй ледзь не скончыліся «Дажынкі» ў адной з гаспадарак у вёсцы Вялікай Раёўцы на Капыльшчыне, паведаміла прэс-служба пракуратуры Менскай вобласці.
У канцы жніўня на вясковым свяце 54-гадовы п'яны мужчына дастаў са смецця шкляную бутэльку, разбіў яе і з гэтай «ружачкай» накіраваўся на сцэну, дзе кіраўнік сельгаспрадпрыемства акурат узнагароджваў найлепшых працаўнікоў.
Як паведамляецца, на сцэне абвінавачаны паспрабаваў ударыць старшыню калгаса «ружачкай» у грудзі. Той, аднак, рукой змог адвесці ўдар, а прысутныя вяскоўцы затрымалі нападніка і ўтрымлівалі яго да прыезду міліцыі.
У выніку ў старшыні быў парэз на пальцы правай рукі, які аднеслі да цялесных пашкоджанняў, што не пацягнулі за сабой кароткачасовага разладу здароўя.
Нападніку інкрымінуюць ч.3 арт.339 Крымінальнага кодэкса (наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і сведчаць яўную непавагу да грамадства, якія суправаджаюцца насіллем з выкарыстаннем прадметаў, што выкарыстоўваюцца ў якасці зброі для прычынення цялесных пашкоджанняў).
Да суда вясковец застанецца пад вартай.