Бюджэты найбуйнейшых сыравінных кампаній Расеі затрашчалі ў швах
6- 10.10.2024, 21:37
- 10,312

Праз праблемы з плацяжамі.
Расейскія экспарцёры адчуваюць рост праблемаў з аплатай актуальных выдаткаў праз складанасці ў правядзенні банкаўскіх плацяжоў, якія закранулі аперацыі ва ўсіх «сяброўскіх» Расеі краінах, уключаючы Кітай, Турцыю і ААЭ.
Праз завіслыя транзакцыі, якія адхіляюцца банкамі альбо затрымоўваюцца на тэрміны да месяца і больш, кампаніям становіцца ўсё цяжэй планаваць штодзённыя выдаткі, расказалі Bloomberg крыніцы ў пяці найбуйнейшых сыравінных карпарацыях РФ.
Хоць кампаніям пакуль удаецца выплачваць заробкі без збояў і выконваць іншыя фінансавыя абавязальніцтвы, запасы грошай гатоўкай на іх рахунках трапілі пад ціск, кажуць крыніцы Bloomberg.
Супрацоўнікам экспарцёраў, паводле словаў аднаго з суразмоўцаў агенцтва, даводзіцца літаральна штодня тэлефанаваць да міжнародных банкаў, даказваючы, што плацяжы не парушаюць санкцыі. Але нават у такім, «ручным рэжыме» развязаць праблемы не атрымліваецца: транзакцыі завісаюць на тыдні і ў любы момант могуць быць адхіленыя.
З праблемамі сутыкнуліся, сярод іншых, расейскія металургі. ГМК «Нарнікеля», найбуйнейшы горнаметалургічны холдынг Расеі, паводле вынікаў першага паўгоддзя даў справаздачу пра павелічэнне дэбіторскай запазычанасці на балансе на $ 300 млн. На столькі вырасла пазыка кліентаў перад кампаніяй праз складанасці ў правядзенні плацяжоў. Такую ж суму недаатрымаў, паводле справаздачнасці, «Русал» – найбуйнейшы ў РФ вытворца алюмінію.
У агульнай колькасці аб'ём завіслай за мяжой выручкі можа ацэньвацца на дзясяткі мільярдаў даляраў. Так, ЦБ толькі за студзень – ліпень 2024 года зафіксаваў рост «замежных актываў» бізнэсу на $ 44 млрд. Гэтая сума, якая ўключае ў тым ліку валюту за мяжой, стала вынікам «ускладнення ланцужкоў міжнародных разлікаў», паказваў рэгулятар.
Плацежныя праблемы, якія ўзніклі яшчэ ў пачатку зімы, пасля ўзмацнення жорсткасці амерыканскіх санкцый, застаюцца неразвязанымі, і бізнэс асцерагаецца паўнавартаснага крызісу ліквіднасці, піша Bloomberg. Паводле словаў крыніцаў агенцтва, сітуацыю пагаршае тое, што пазычыць грошы ўнутры Расеі для пакрыцця касавых разрываў становіцца ўсё больш складана: стаўкі ў крэдытах у рублях трымаюцца блізу 20% гадавых, а юаняў на рынку хранічна не стае. У канцы лета пазыкі ў кітайскай валюце на міжбанкаўскім рынку каштавалі больш за 200% гадавых.
Збоі з паступленнем валютнай выручкі абяцаюць праблемы рублю, папярэджвае Дзмітрый Палявы, дырэктар у інвестыцыях «Астра АМ». У верасні экспарцёры ўжо скарацілі продажы валюты на біржы на траціну, да $8,3 млрд, пасля чаго, у першыя дні кастрычніка, курсы даляра, еўра і юаня абнавілі гадавыя максімумы.
«Спачатку больш праблемаў з плацяжамі адчувалі імпарцёры. Складанасці для экспарцёраў пагражаюць узмацніць ціск на абменны курс», – кажа Палявы.
Хуткага развязання праблемы пакуль не бачаць ні бізнэс, ні ўлады. І экспарцёрам, і імпарцёрам, верагодна, давядзецца шукаць спосабы праводзіць аплату за межамі Расеі і пакідаць за мяжой частку грошай, нават нягледзячы на тое, што дзяржава патрабуе заводзіць іх у краіну, мяркуе Палявы.