NATO правядзе маштабныя ядзерныя вучэнні
1- 10.10.2024, 20:18
- 3,840
Яны стануць адказам на змену Пуціным ядзернай дактрыны РФ.
NATO ў панядзелак пачне буйныя вучэнні, на якіх будзе трэніравацца ўжываць тактычную ядзерную зброю. Адпрацоўка «гатоўнасці даць катэгарычны адказ на любыя пагрозы» праводзіцца на фоне чарговага ўзмацнення жорсткасці ядзернай рыторыкі Масквы, закліканай не дапусціць выкарыстання Украінай дальнабойных заходніх ракетаў для ўдараў па тэрыторыі Расеі.
Вучэнні Steadfast Noon («Непахісны поўдзень») пачнуцца 14 кастрычніка і прадоўжацца блізу двух тыдняў, паведаміў генеральны сакратар NATO Марк Рутэ. У іх будуць удзельнічаць 2000 вайскоўцаў, будуць выкарыстаныя восем базаў і 60 самалётаў з 13 краінаў; зона вучэнняў – Бельгія, Нідэрланды, Вялікая Брытанія, Паўночнае мора. У іх возьмуць удзел бамбавікі і знішчальнікі, здольныя несці ядзерныя боегалоўкі.
Паводле словаў прадстаўнікоў NATO, Масква пра гэта была паінфармаваная, паведамляе Associated Press.
Штогадовыя вучэнні Steadfast Noon праводзяцца ўжо больш за 10 гадоў. На гэты раз яны пройдуць неўзабаве пасля таго, як Уладзімір Пуцін дэманстрацыйна анансаваў змены ў ядзернай дактрыне Расеі. 25 верасня на пасяджэнні Рады бяспекі ён прапанаваў зафіксаваць становішча, згодна з якім «агрэсія» з боку няядзернай дзяржавы пры падтрымцы ядзернай дзяржавы будзе расцэньвацца як супольная атака на Расею. Таксама Пуцін прапанаваў удакладніць магчымасць ужывання ядзернай зброі ў выпадку атрымання «дакладнай інфармацыі» пра масаваны запуск па цэлях у Расеі паветрана-касмічных сродкаў нападу, такіх як стратэгічная авіяцыя, крылатыя ракеты, гіпергукавыя апараты і беспілотнікі. Пад такія фармулёўкі тэарэтычна падпадаюць дзеянні Украіны, якая абараняецца пры дапамозе заходніх хаўруснікаў ад расейскай агрэсіі.
Мэта вучэнняў Steadfast Noon – паказаць, што альянс здольны супрацьстаяць любой пагрозе для сваіх чальцоў і «любы спаборнік павінен успрымаць гэта вельмі сур'ёзна», заявіў Ангус Лэпслі, памочнік генеральнага сакратара NATO ў абароннай палітыцы і планаванні. NATO сочыць за ядзернымі праграмамі Паўночнай Карэі і Ірана, хуткім пашырэннем ядзернага патэнцыялу Кітая, «але відавочна, што больш за ўсё нас турбуе Расея», растлумачыў ён. У апошнія два гады Масква «з усё большай інтэнсіўнасцю» ўкладваецца ў свае ядзерныя сілы, «укараняючы мноства новых сістэмаў і робячы большы ўпор на інвестыцыі ў сістэмы малой і сярэдняй далёкасці». Пры гэтым яна «вельмі шмат гаворыць пра сваю ядзерную дактрыну», што выглядае як «даволі відавочная спроба паўплываць на нас», калі гаворка ідзе пра падтрымку Украіны, сказаў Лэпслі.
Асновай ядзернага стрымлівання ў рамках NATO ў Еўропе з'яўляюцца сілы ЗША і Вялікай Брытаніі (ядзерная зброя ёсць таксама ў Францыі, але яна не ўключаная ў арганізацыйную сістэму альянсу). Але іншыя краіны NATO, у тым ліку тыя, што не валодаюць ядзернай зброяй, павінны больш актыўна ўдзельнічаць у палітыцы ядзернага стрымлівання Расеі, якая не толькі «павялічыла тыпы, колькасць і дакладнасць сваіх ядзерных боепрыпасаў… прызначаных для ўжывання на полі бою, але таксама стала часцей і навочней дэманстраваць правядзенне палявых вучэнняў [з іх ужываннем] і разгортванне такіх узбраенняў», гаворыцца ў свежым дакладзе Цэнтра Стымсана, які займаецца даследаваннямі ў сферы бяспекі.
Больш шырокі набор магчымасцяў у сферы як ядзерных, так і звычайных узбраенняў павінен даць чальцам NATO больш разнастайныя і надзейныя варыянты рэагавання, зводзячы да мінімуму рызыку эскалацыі да поўнамаштабнага абмену ядзернымі ўдарамі, мяркуюць аўтары даклада. Палітыка стрымлівання Расеі будзе больш эфектыўнай, калі «ўсе хаўруснікі, а не толькі Злучаныя Штаты (а таксама Вялікая Брытанія і Францыя), зробяць катэгарычныя палітычныя і ваенныя крокі для ўмацавання сілаў ядзернага стрымлівання».