Сябар Пуціна прапанаваў вывозіць газ з Расеі на атамных падлодках
22- 10.10.2024, 20:41
- 12,922
Праз Паўночны Ледавіты акіян.
Адзін з найбліжэйшых сяброў дыктатара Уладзіміра Пуціна – чалец-карэспандэнт РАН Міхаіл Кавальчук – прапанаваў інавацыйны мегапраект, які, на задумку аўтараў, дазволіць вывозіць газ з Расеі праз Паўночны Ледавіты акіян.
Як паведамляе РБК, Кавальчук прапанаваў прэзентацыю атамнага падводнага газавозу, які можа стаць альтэрнатывай традыцыйным ЗПГ-танкерам, што сталі недаступнымі для расейскіх кампаній праз заходнія тэхналагічныя санкцыі.
Згодна з заяўленымі характарыстыкамі, 360-метровая падлодка-газавоз будзе мець умяшчальнасць блізу 180 тысячаў тонаў і асадку не больш за 14 метраў. Карабель будзе аснашчаны трыма ядзернымі рэактарамі «Рытм – 200», якія забяспечаць тры вяслярныя электрарухавікі магутнасцю 30 МВт кожны.
Хуткасць падводнага газавоза складзе блізу 17 вузлоў, што дазволіць скараціць час рэйсу па Паўночным марскім шляху (ПМШ) да 12 дзён, вынікае з прэзентацыі Кавальчука.
Праект атамнага газавозу з'явіўся на фоне вострага дэфіцыту традыцыйных ЗПГ-танкераў лядовага класу. «Наватэк» – найбуйнейшы ў Расеі вытворца звадкаванага газу – планаваў набыць у 2024 годзе 16 такіх караблёў для сваіх арктычных праектаў, у тым ліку найбуйнейшага «Арктык СПГ-2».
Аднак карэйская Hanwha Ocean, якая павінна была паставіць шэсць танкераў, разарвала кантракт з расейскай кампаніяй праз санкцыі, а айчынная вытворчасць на падкантрольнай «Раснафце» верфі «Зорка» загразла ў тэхналагічных праблемах. Тэрміны вытворчасці танкераў шматразова пераносіліся: з запланаваных 15 караблёў «Наватэк» не атрымаў ніводнага, расказалі крыніцы «Коммерсанта».
Як вынік: амбіцыйныя планы развіцця Паўночнага марскога шляху абярнуліся фіяска. Паводле прагнозу «Расатама», сёлета па ПМШ перавязуць толькі 36 млн тонаў грузаў замест 80 млн тонаў, закладзеных у план яго развіцця.
Пры гэтым у 2031 годзе праз Паўночны Ледавіты акіян, паводле новых ацэнак, будзе перавезена 117 млн тонаў грузу, хоць першапачаткова планавалася не менш за 200 млн тонаў.
Міхаіл Кавальчук – брат кіраўніка банка «Расея» Юрыя Кавальчука, блізкі сябар Уладзіміра Пуціна і адзін з ідэолагаў вайны ва Украіне.