З Беларусі забаранілі вывозіць капусту, яблыкі і цыбулю
9- 10.10.2024, 21:13
- 4,514
Прычына – дэфіцыт.
Лукашысцкі ўрад 10 кастрычніка ўвёў ліцэнзаванне вывазу белакачаннай капусты, яблыкаў і рэпчатай цыбулі. Яно будзе дзейнічаць тры месяцы, паведамілі ў прэс-службе Саўміна.
Адпаведную пастанову падпісаў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка.
Абмежаванне ўводзіцца на вываз капусты, яблыкаў і цыбулі незалежна ад краіны іх паходжання. Іх будуць экспартаваць за мяжу паводле разавых ліцэнзіяў, якія выдаюцца МАРГ на ўзгадненне з аблвыканкамамі (Менскім гарвыканкамам).
Пастанову пра магчымасць выдачы такой ліцэнзіі будзе прымаць упаўнаважаны орган, ацаніўшы суадносіны «свабодных рэсурсаў» гэтай прадукцыі ў Беларусі і патрэбы краіны ў ёй на момант узгаднення ліцэнзіі.
«Дакумент падпісаны ў мэтах забеспячэння ўнутранага рынку сельскагаспадарчай прадукцыяй у міжсезонны перыяд у поўным аб'ёме», – паведамілі ва ўрадзе.
Тэрмін дзеяння абмежавання – тры месяцы.
Нагадаем, пра намер увесці ліцэнзаванне на вываз з краіны капусты, цыбулі і яблыкаў напярэдадні расказаў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў. Прычынай, паводле ягоных словаў, з'яўляецца магчымы дэфіцыт названых тавараў.
– З чым гэта звязана? Прагназуецца, што гэтага тавару можа не хапіць да канца міжсезоннага перыяду, паколькі сёння ёсць павышаны попыт на экспартным кірунку, у Расейскай Федэрацыі. І кошты там у нейкай ступені вышэйшыя, чым тут, на ўнутраным рынку, – расказаў міністр.
Кіраўнік МАРГ дадаў, што ліцэнзаванне плануецца ўвесці, «каб не было некантраляванага вывазу і быў забяспечаны ўнутраны рынак у першую чаргу».