У Беларусі значна ўпаў попыт на нерухомасць
5- 11.10.2024, 9:49
- 12,532
Эканамістка патлумачыла, чаму так адбываецца.
На працягу года попыт на кватэры ў Менску біў рэкорды. Але з надыходам восені трэнд пераламаўся, піша «Наша Ніва».
Попыт пайшоў уніз
У верасні колькасць угод на рынку сталічнай нерухомасці даволі рэзка знізіўся. Калі ў жніўні было прададзена 1 982 кватэры, то ў мінулым месяцы – 1 616 (-18%). Гэта найгоршы паказчык за 2024 год, калі не ўлічваць студзень, калі попыт на нерухомасць традыцыйна знаходзіцца на нізкім узроўні.
Продажы ў верасні 2024 года таксама на 7% ніжэйшыя, чым у верасні 2023 года, калі было ўкладзена 1 739 угод.
Праз спад аб'ёму продажаў крыху знізіўся сярэдні кошт квадратнага метра ў сталіцы - мінус 0,3% па выніках рэальных угод. Пры гэтым кошты ў аб'явах па інэрцыі працягнулі расці - плюс 1,3%.
Чаму гэта адбываецца?
Эканамістка Анастасія Лузгіна называе дзве асноўныя прычыны, праз якія попыт на жыллё ў верасні істотна скараціўся.
«Па-першае, крэдыты сталі даражэйшымі. Па-другое, змяніліся правілы выдачы льготных крэдытаў (пад 12,5%). Нядаўна з’явілася прывязка да месца рэгістрацыі. Цяпер нельга стаяць у чарзе, напрыклад, у Калінкавічах, а нерухомасць набываць у Менску», - тлумачыць эканамістка.
Агенцтва нерухомасці адзначаюць, што дзель пакупнікоў з крэдытамі пасля гэтых змен ужо паспела знізіцца з 40% да 35%. Пры гэтым падкрэсліваюць, што рынак у поўнай меры адчуе гэтыя наступствы толькі пасля кастрычніка.
Сярод іншых прычын зніжэння попыту на кватэры эканамістка называе насычэнне адкладзенага попыту.
"За 2022 і пачатак 2023 года назапасіліся адкладзеныя патрэбнасці, якія маглі паўплываць на попыт, а калі яны былі задаволены, продажы пачалі зніжацца", — мяркуе экспэртка.
Чаго чакаць далей?
Што тычыцца бліжэйшых перспектыў, то, на думку Лузгіной, попыт на нерухомасць можа далей падаць.
«Па выніках жніўня сярэдні заробак не вырас, як у папярэднія перыяды, а наадварот, знізіўся на 14 рублёў. Калі гэтыя тэндэнцыі захаваюцца, то больш высокія стаўкі за крэдыты і запаволенне росту даходаў насельніцтва могуць мець астуджальны ўплыў на рынак жылой нерухомасці», - мяркуе эканаміст.