Міністры фінансаў БРІКС адмовіліся прыехаць на сустрэчу ў Расею
7- 11.10.2024, 21:49
- 15,874
Галоўнай тэмай сустрэчы Крэмль абвясціў стварэнне альтэрнатыўнай даляру сусветнай плацежнай сістэмы.
Сустрэча міністраў фінансаў краінаў БРІКС, якая адбылася ў пятніцу ў Маскве, галоўнай тэмай якой Крэмль абвясціў стварэнне альтэрнатыўнай даляру сусветнай плацежнай сістэмы, прайшла без удзелу кіраўнікоў Мінфінаў ключавых краінаў блока.
Як паведамляе Reuters, ад паездкі ў Расею адмовіліся міністры і кіраўнікі Цэнтральных банкаў Кітая, Індыі і Паўднёвай Афрыкі, якія паслалі на нараду сваіх намеснікаў і малодшых чыноўнікаў. КНР у Маскве прадстаўлялі намеснік міністра фінансаў Ляа Мін і намеснік кіраўніка ЦБ Чанэн Сюань, а Індыю – сакратар Мінфіна Аджай Сэт.
На сустрэчы Расея прапаноўвала партнёрам у БРІКС праект BRICS Bridge – міжнародную сістэму плацяжоў, якая не залежала б ад заходніх інстытутаў. Разлікі ў ёй, на задумку Крамля, павінны ажыццяўляцца ў нацыянальных валютах пры падтрымцы Цэнтрабанкаў, паміж якімі прапаноўвалася ўстанавіць прамыя фінансавыя каналы сувязі.
Таксама ў рамках БРІКС Расея прапаноўвала стварыць клірынгавы цэнтр, незалежнае рэйтынгавае агенцтва і біржу сыравіны, абяцаючы эканомію на транзакцыях памерам $15 млрд за год. Акрамя таго, праект прадугледжваў магчымасць плацяжоў токенамі і стварэнне супольнай інвестыцыйнай платформы, якая ажыццяўляла ўкладанні ў «лічбавай форме».
Але зацікавіць БРІКС не атрымалася. Многія краіны «вельмі акуратна падыходзяць да нашых ініцыятываў», прызнаў паводле вынікаў перамоваў кіраўнік Мінфіна РФ Антон Сілуанаў. Паводле ягоных словаў, гэта звязана з тым, што дзяржавы БРІКС не знаходзяцца пад заходнімі санкцыямі і таму не сутыкаюцца са «знешнімі абмежаваннямі для разлікаў».
Міністэрская сустрэча БРІКС у Маскве адбылася за два тыдні да прызначанага на 22–24 кастрычніка саміту аб'яднання ў Казані, які памочнік дыктатара РФ Юры Ушакоў назваў «самым маштабным знешнепалітычным мерапрыемствам», якое калі-небудзь праводзілася ў Расеі. З 38 краінаў, якія атрымалі запрашэнне ў Казань, толькі 24 будуць прадстаўленыя на ўзроўні лідараў, а 6 адмовіліся ад паездкі ўвогуле, прызнаў Ушакоў. Ён абвінаваціў Захад у ціску на партнёраў Расеі з тым, каб яны ігнаравалі саміт.