«Коммерсантъ» намякнуў на жабраванне Лукашэнкі
7- 12.10.2024, 8:25
- 17,654
Беларусь стала «разгрузачным цэхам».
Журналіст «Коммерсанта» Андрэй Калеснікаў падзяліўся ўражаннямі ад уручэння кіраўніку Беларусі ў Крамлі 9 кастрычніка расейскага ордэна Андрэя Першазванага. Аглядальнік у традыцыйнай манеры закрануў Лукашэнку:
- Яшчэ з савецкіх часоў Беларусь называлі зборачным цэхам Савецкага Саюза, - нечакана вымавіў спадар Пуцін. - І дзякуючы вашым намаганням гэтыя пэўныя перавагі ў галіне эканомікі, прамысловай вытворчасці за Беларуссю захаваліся.
Цяпер, праўда, Беларусь язык неяк не паварочваецца называць зборачным цэхам. Хутчэй гэта цэх разгрузачны - для расейскіх грошай, якія краіна пералічвае на падтрыманне і развіццё беларускай эканомікі, каб Беларусь магла падтрымліваць і развіваць расейска-беларускія стасункі, - намякнуў на жабраванне Лукашэнкі Калеснікаў.
- Учора і пазаўчора мы мелі магчымасць абмеркаваць глабальнага характару пытанні, гарачыя месцы на нашай планеце, - прызнаўся Уладзіміру Пуціну Аляксандр Лукашэнка.
Ён заўсёды рады пагаварыць з калегам пра міжнародны парадак дня, пра глабальныя пытанні. Вядома, заўсёды хочацца, а няма з кім. Бо больш ніхто і размаўляць не хоча. І хто не хоча, той супраць нас.
І нехаця пачынаеш шанаваць тое нямногае, што ў цябе застаецца. Вось яны і цягнуцца адзін да аднаго, і становяцца ўсё больш хаўруснымі і хаўруснымі, - рэзюмаваў журналіст.