Дональд Туск заявіў аб узмацненні міграцыйнай палітыкі Польшчы
- 12.10.2024, 19:39
- 6,006
У Польшчы могуць прыпыніць права на прытулак.
Новую міграцыйную стратэгію, якая сярод іншага прадугледжвае "часовае тэрытарыяльнае прыпыненне права на прытулак", прадставіць 15 кастрычніка на пасяджэнні ўрада Польшчы прэм'ер-міністр Дональд Туск, паведамляе інфармагенцтва PAP.
«І я буду патрабаваць прызнання ў Еўропе гэтай пастановы, таму што мы добра ведаем, як (міграцыя - заўв.) выкарыстоўваецца Лукашэнкам, Пуціным, кантрабандыстамі і гандлярамі людзьмі. Як права на прытулак выкарыстоўваецца менавіта супраць сутнасці права на прытулак, - заявіў палітык 12 кастрычніка на з'ездзе «Грамадзянскай кааліцыі», якую ён узначальвае. - Польшча не будзе паважаць і рэалізоўваць ніякія еўрапейскія ідэі, калі мы ўпэўненыя, што яны шкодзяць нашай бяспецы».
Туск паабяцаў, што ўрад "звядзе нелегальную міграцыю да мінімуму".
«Дзяржава павінна сачыць за тым, каб у Польшчу прыязджалі людзі, якія жадаюць сумленна працаваць у Польшчы, плаціць падаткі, інтэгравацца ў польскае грамадства, вучыцца ў рэальнай ВНУ. Менавіта гэтыя людзі заслугоўваюць павагі», - сказаў ён.
Прэм'ер-міністр Польшчы падкрэсліў, што калі нехта хоча пераехаць у Польшчу для пастаяннага пражывання, ён павінен «паважаць польскія стандарты, звычаі» і «хацець інтэгравацца».
На думку прэм'ера, Польшчы, Еўропе і свету «абсалютна важна даць добры, сумленны, дастойны, але ў той жа час жорсткі адказ на выклікі і страхі, якія ўзнікаюць у сувязі з масавай міграцыяй, вялікім міграцыйным ціскам, а таксама палітыкай варожых краін, якія арганізуюць нелегальную міграцыю».