Дзіця і двое дарослых загінулі падчас пажару ў Віцебскай вобласці
10- 13.10.2024, 12:51
- 4,964
Дом у аграгарадку гарэў адкрытым полымем.
Трагедыяй стаў пажар у жылым доме ў адным з аграгарадкоў Віцебшчыны – сярод ахвяраў чатырохгадовы хлопчык, а таксама ягоная бабуля і яе сужыцель. Пра здарэнне паведамілі ў мясцовым МНС.
«Сёння ноччу ратавальнікам паступіла паведамленне пра пажар у аграгарадку Германавічы Шаркаўшчынскага раёна, – гаворыцца ў паведамленні ўстановы. – Драўляны дом гарэў адкрытым полымем. У момант узнікнення пажару ўнутры знаходзіліся маці гаспадыні з сужыцелем і сын гаспадыні 2020 года нараджэння. Астатнія жыхары дома (гаспадыня і тры дачкі) у гэтую злашчасную ноч былі ў гасцях».
З інфармацыі мясцовага МНС вядома, што паведамленне пра пажар паступіла ў 4.04. На месцы ратавальнікі знайшлі целы траіх загінулых. Хлопчыку было 4 гады, яго бабулі – 59, яе сужыцелю – 54.
Гаспадыня дома – 27-гадовая шматдзетная маці (усяго ў яе было чацвёра дзяцей, старэйшым дзяўчынкам 9, 8 і 6 гадоў).
У выніку пажару ў доме згарэў дах, столевае перакрыцце і маёмасць. З маці загінулага хлопчыка цяпер працуе псіхолаг МНС. Прычына пажару і акалічнасці трагедыі высвятляюцца.