У Расеі спалілі ваенна-транспартны самалёт Ту-134 для пералётаў кіраўніцтва Мінабароны
19- 14.10.2024, 22:18
- 30,624
Борт знішчаны на тэрыторыі вайсковага аэрадрома "Арэнбург-2".
Уночы 13 кастрычніка ў Расеі згарэў ваенна-транспартны самалёт Ту-134. Борт быў знішчаны на тэрыторыі вайсковага аэрадрома "Арэнбург-2".
Такія самалёты расейцы выкарыстоўваюць для пералётаў кіроўнага складу Мінабароны. Пра гэта паведамілі ў Галоўнай управе выведкі Мінабароны Украіны.
Паводле інфармацыі ўкраінскай выведкі, самалёт належаў да 117-га ваенна-транспартнага авіяпалку УС РФ. Паводле адкрытых звестак, гэты полк займаецца абслугоўваннем ваенна-транспартных сродкаў, якія перавозяць спецыяльныя грузы для матэрыяльнага забеспячэння войска РФ. Самалёты гэтага палка базуюцца на аэрадроме ў Арэнбургу.
На апублікаваным ГУВ відэа заўважна, што пажар успыхнуў у насавой частцы вайсковага транспартнага самалёта. Затым полымя распаўсюдзілася і ахапіла большую частку фюзеляжа.
Эксплуатацыю самалётаў Ту-134 у Расеі працягвае толькі Міністэрства абароны. Яшчэ сама меней адзін Ту-134 выкарыстоўваецца міністэрствам абароны Беларусі. Самалёт разлічаны на 76-80 пасажыраў для пералётаў малой і сярэдняй працягласці.