У гарадзенскім замку знайшлі 600-гадовы мур часоў Вітаўта
1- 14.10.2024, 11:39
- 3,224
Ён знаходзіцца ўсярэдзіне асноўнага муру.
У Гародні ўнутры замкавых сценаў XVI стагоддзя знаходзіцца сцяна Вітаўта XIV стагоддзя, расказала БелТА начальніца ўправы культуры Гарадзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч.
Як адзначае Клімовіч, гарадзенскі замак зараз цяжка ўявіць "без гэтай унікальнай вежкі, якая стала адной з візітных картак нашага горада". Цяпер ёсць дзейная першая чарга рэканструкцыі Старога замка. Паралельна працягваюцца праектныя работы для рэканструкцыі непасрэдна палаца.
«Папярэдне праведзены сур'ёзныя навуковыя пошукі, натурныя даследаванні. Знойдзены аб'екты XIV-XV стагоддзяў, якія трэба будзе музеефікаваць. У экспазіцыі плануецца стварыць археалагічныя "акенцы", адкрытыя зандажы. Напрыклад, унутры замкавых муроў XVI стагоддзя (у гэты час ён перабудоўваўся) знаходзіцца мур Вітаўта XIV стагоддзя. Ён знойдзены падчас натурных даследаванняў і будзе экспанавацца як важны гістарычны і архітэктурны элемент», - распавяла Клімовіч.
Нагадаем, спрэчная рэканструкцыя першай чаргі ў Старым замку каштавала 28 мільёнаў рублёў. Пры гэтым для будаўніцтва Камяніцы, якой не было ў замку, дэмантавалі мураваную маставую часоў вялікага князя Вітаўта. А зараз да Палаца Стэфана Баторыя можа быць прыбудаваны масіўны рызаліт, які мяркуецца праектам, распрацаваным архітэктарам Бачковым. Праўда, археалагічныя пошукі зняпраўдзілі яго наяўнасць.