Паліну Шарэнду-Панасюк прыехалі падтрымаць дыпламаты з ЕЗ
1- 14.10.2024, 14:45
- 9,728
Фотафакт.
Сёння, 14 кастрычніка, у Рэчыцы пачаўся суд над палітычнай зняволенай, актывісткай грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Палінай Шарэндай-Панасюк. Яе абвінавачваюць паводле артыкула аб «злосным непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі».
Справу разглядае суддзя Станіслаў Іванюценка, які летась ужо судзіў палітычную знявроленую і дадаў ёй год пазбаўлення волі.
Палітычную зняволеную прыехалі падтрымаць дыпламаты з ЕЗ, паведамляе амбасада Нямеччыны ў Беларусі.
«Той факт, што маці дваіх непаўналетніх дзяцей у Дзень маці нягледзячы на ўжо адбыты турэмны тэрмін вымушана зноў паўстаць перад судом, дэманструе бязлітаснасць беларускага рэжыму ў дачыненні да іншадумцаў. Федэральны ўрад Нямеччыны патрабуе вызваліць палітычных зняволеных у Беларусі», - гаворыцца ў заяве нямецкай амбасады.
Нагадаем, Паліна Шарэнда-Панасюк павінна была выйсці на волю 21 траўня, але ў той дзень высветлілася, што яе перавялі з калоніі ў СІЗА і выставілі новае абвінавачанне - у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі. Гэта яе трэцяе абвінавачанне паводле гэтага артыкула.
У 2021 годзе Паліну Шарэнда-Панасюк асудзілі на два гады пазбаўлення волі. У красавіку 2022 года яна атрымала яшчэ адзін год калоніі паводле арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»). Гэты тэрмін павінен быў скончыцца 6 жніўня 2023 года, але на актывістку «Еўрапейскай Беларусі» распачалі яшчэ адну справу за «непадпарадкаванне» і дадалі 1 год пазбаўлення волі.
За гэтыя гады Паліну Шарэнда-Панасюк некалькі разоў змяшчалі ў штрафны ізалятар, а таксама на шэсць месяцаў адправілі ў ПКТ. Паліна знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі. У калоніі ў актывісткі "Еўрапейскай Беларусі" моцна пагоршылася здароўе. У актывісткі дыягнаставалі сур'ёзнае захворванне - хранічны панкрэатыт сярэдняй ступені цяжкасці. У турме яно можа стаць для палітычнай зняворленай смяротным.