Польшча пачала рэпетаваць сцэнар магчымага ўварвання Беларусі і РФ
5- 14.10.2024, 20:14
- 3,598
У краіне стартавалі вучэнні «Усходні шчыт».
У Польшчы стартавалі вучэнні ў рамках нацыянальнай праграмы стрымлівання і абароны «Усходні шчыт» (Tarcza Wschód), накіраванай на абарону краіны ад магчымага ўварвання Расеі і Беларусі. На іх прысутнічаюць прэм'ер-міністр Дональд Туск і кіраўнік Мінабароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш, паведамляе a target="_blank" href=https://www.tvp.info/82955352/donald-tusk-oraz-wladyslaw-kosiniak-kamysz-wezma-udzial-w-cwiczeniach-dotyczacych-tarczy-wschod>TVP Info.
Манеўры ўключаюць некалькі этапаў. Спачатку на палігоне ў Ожышы на паўночным усходзе краіны пройдуць выпрабаванні абарончых збудаванняў. У тым ліку плануецца пратэставаць бетонныя вожыкі, супрацьтанкавыя равы і мінныя палі. Потым байцы Узброеных сілаў Польшчы правядуць дэманстрацыю адбіцця магчымага нападу на памежныя тэрыторыі.
Удзельнікі вучэнняў адпрацуюць выяўленне ворага, заняцце раёна абароны, вывад наглядальнага пункта, устанаўленне агнявога кантакту, эвакуацыю пашкоджанай тэхнікі і іншае. Для гэтага вайскоўцы інсцэнуюць перасячэнне польскай мяжы ворагам, якое будзе ўключаць імітацыйны артылерыйскі агонь і спробу пераадолення супрацьтанкавых равоў і бетонных загародаў.
Туск заявіў, што праграма «Усходні шчыт» «стартуе сур'ёзна». Ён падкрэсліў, што гэта супольная абаронная ініцыятыва з краінамі Балтыі (Літвой, Латвіяй, Эстоніяй) і Фінляндыяй, і паабяцаў абмеркаваць пытанне яе суфінансавання ў найбліжэйшы час у Брусэлі. «Я рады, што <…> брытанцы таксама супрацоўнічаюць з намі ў праекце "Усходні шчыт", амерыканцы гатовыя», – дадаў Туск, адзначыўшы, што праграма з'яўляецца прыярытэтнай для Польшчы і «размеркаваная на гады».
Пастанова пра запуск праекту «Усходні шчыт», на рэалізацыю якога ў 2024–2028 гадах вылучана 10 млрд злотых ($2,5 млрд), была прынятая Саветам міністраў 10 чэрвеня. Паводле камюніке, «урад мае намер стварыць усёабдымную абаронную інфраструктуру на ўсходнім флангу NATO для супрацьдзеяння пагрозам з боку Беларусі і Расеі».
У рамках праекту плануецца ўзмацніць ПРА на мяжы, у тым ліку разгарнуць сістэмы выяўлення, папярэджання і сачэння на аснове сеткі базавых станцый, а таксама стварыць лагічныя вузлы, сетку бункераў для ракетных сістэмаў і развіць інфраструктуру для барацьбы з беспілотнікамі.
Таксама праграма абмяжуе мабільнасць войска ворага, забяспечыўшы пры гэтым вялікую свабоду дзеянняў і магчымасць выжывання ўласных войскаў. Асобным пунктам з'яўляецца абарона цывільнага насельніцтва, якую плануецца ўзмацніць за кошт будаўніцтва хованак з лёгкіх або зборных канструкцый, падземных сховішчаў для ваеннай тэхнікі і пашырэння абарончых палосаў.
У ліпені прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заклікаў рыхтавацца да вайны з Расеяй у выпадку паразы Украіны. «Калі не даць адпор расейскаму імперыялізму і не прытупіць жорсткі клінок [прэзідэнта РФ Уладзіміра] Пуціна, то гэты пражэрлівы монстар будзе нападаць усё далей і далей», – заявіў Дуда. Паводле ягоных словаў, Паўночнаатлантычны альянс «павінен быць настолькі моцным, каб нікому не было сэнсу на яго нападаць». Ён падкрэсліў, што гэтага ж гледзішча прытрымліваюцца іншыя чальцы NATO.