«Пуцін асабіста аддаў загад»: Скрыпаль упершыню пракаментаваў атручэнне яго і дачкі «Навічком»
1- 15.10.2024, 10:46
- 8,482
У Солсбэры пачаліся адкрытыя слуханні пасля расследавання.
Першая публічная заява былога расейскага падвойнага агента Сяргея Скрыпаля пасля замаху на яго ў ліпені 2018 года стала часткай афіцыйнага расследавання брытанскіх уладаў, адкрытыя слуханні якога пачаліся ў панядзелак у Солсбэры, паведамляе «Голас Амерыкі».
Сяргей Скрыпаль і ягоная дачка Юлія, якая таксама пацярпела ў выніку атакі “Навічком”, не будуць даваць сведчанні асабіста з меркаванняў бяспекі, аднак пісьмовая заява Скрыпаля была зачытаная ў першы дзень слуханняў адвакатам Эндру О’Конарам.
Скрыпаль, як і раней брытанскі ўрад, усклаў адказнасць асабіста на Уладзіміра Пуціна за замах на ягонае жыццё ў Солсбэры.
“Я ўпэўнены, што Пуцін прымае ўсе важныя пастановы асабіста і самастойна. Такім чынам, я думаю, што ён па меншай меры даў дазвол на ажыццяўленне гэтага нападу супраць мяне і Юліі”, - гаворыцца ў заяве Сяргея Скрыпаля.
Мэта публічнага расследавання брытанскіх уладаў - даць сям'і брытанкі Доўн Стэрджэс, якая загінула ад “Навічка” ў выніку атакі на Скрыпаля, адказы на пытанні аб тым, як адбылася ейная смерць, і заслухаць канфідэнцыйныя сведчанні афіцыйных асоб і службаў бяспекі, уключаючы падрабязнасці наконт Скрыпаля з брытанскімі спецслужбамі.
Стэрджэс была выпадковай ахвярай замаху, паведаміла ў панядзелак грамадскае расследаванне. Маці траіх дзяцей памерла ад уздзеяння "Навічка" ў ліпені 2018 года пасля таго, як яе партнёр знайшоў падроблены флакон з-пад парфумы, які, на думку паліцыі, быў выкарыстаны расейскімі разведчыкамі для кантрабанды рэчыва ў краіну.
Довады паказваюць на тое, што ў флаконе было дастаткова рэчыва, каб забіць тысячы людзей, заявіў адвакат Эндру О’Конар у першы дзень слуханняў у справе аб смерці Стэрджэс.
"Вы можаце зрабіць выснову ... што тыя, хто выкінуў флакон такім чынам, дзейнічалі з неверагодным грэбаваннем да чалавечага жыцця", – сказаў ён старшыні расследавання, былому суддзі Вярхоўнага суда Энтані Х'юзу, падкрэсліўшы, што 44-гадовая Стэрджэс была нявіннай ахвярай.
Скрыпаль, які супрацоўнічаў з брытанскай выведкай, і ягоная дачка Юлія былі знойдзеныя без прытомнасці на вулічнай лаўцы ў Салсбэры ў сакавіку 2018 года пасля атручвання “Навічком”, які быў намазаны на ручку ўваходных дзвярэй іх дома.
Абодва яны, а таксама паліцыянт, які прыехаў у дом Скрыпаля, апынуліся ў цяжкім стане ад уздзеяння нервова-паралітычнага рэчыва вайсковага прызначэння, але акрыялі, як і партнёр Стэрджэс Чарлі Роўлі.
У той час як брытанская паліцыя завочна выставіла абвінавачанні тром расейцам, якія, паводле іх слоў, з'яўляюцца супрацоўнікамі вайсковай выведкі ГРУ, у сувязі з нападам на Скрыпаля і ягоную дачку, афіцыйнай справы супраць іх паводле факту смерці 44-гадовай Стэрджэс распачата не было.
У мінулым месяцы Х'юз пастанавіў, што Скрыпалі не будуць даваць сведчанні, заявіўшы, што існуе "непераадольная рызыка" таго, што яны зазнаюць фізічную небяспеку, калі іх змогуць апазнаць і раскрыць іх цяперашняе месцазнаходжанне.
Гэты інцыдэнт прывёў да найбуйнейшай дыпламатычнай высылкі паміж Усходам і Захадам з часоў халоднай вайны, а пасля ўварвання Расеі ва Украіну стасункі паміж Лонданам і Масквой яшчэ больш пагоршыліся.