Новыя дэпутаты парламента Літвы будуць атрымліваць удвая больш за ранейшыя
4- 15.10.2024, 15:05
- 3,302
Стала вядома, які будзе заробак дэпутата, спікера і прэм'ер-міністра.
Пасля першага тура парламенцкіх выбараў стала вядома больш за палову чальцоў новага парламента Літвы. Дэпутаты новага склікання будуць атрымліваць заробкі ўдвая большыя, чым у ранейшых, паведамляе delfi.lt са спасылкай на тэлеканал LNK.
Эўгеніюс Гентвілас з ліку пераабраных дэпутатаў, зараз ён працягвае барацьбу ў аднамандатнай акрузе. Ён сцвярджае, што зусім не заробак вабіць яго на гэтую пасаду.
“Вось і зараз я нават разгубіўся, не ведаю, што вабіць больш - лібералізм ці сталоўка. Пайду ў сталоўку, каб пераканацца, што дзеля яе”, - жартаваў палітык.
Палітык не эканоміць на ежы, але ўсё адно ўмудраецца адкласці грошы. Падчас ранейшага тэрміну паўнамоцтваў заробак Гентвіласа складаў 2 700 еўраў “на рукі”. Падчас абедзеннага перапынку палітык звычайна шукае, у што інвеставаць грошы.
“Я шукаю сядзібу паміж Вільняй і Коўна. Хачу тут інвеставаць, не ў Грэцыі”, - сказаў ён.
Больш складана маладым палітыкам. Прадстаўнік дэмакратычнага саюза «У імя Літвы» Лукас Савіцкас сказаў, што жыве ад заробку да заробку.
“У нас ёсць іпатэка. Мусіць, кожны падчас гэтага тэрміна паўнамоцтваў адчуваў, як некантраляваная інфляцыя “з'ядала” грошы, павялічвала выдаткі. Былі месяцы, калі здавалася, што жывеш ад заробку да заробку”, – сказаў LNK дэпутат.
Зараз не давядзецца скардзіцца на невялікія даходы. Зараз заробкі дэпутатаў новага склікання павялічацца ўдвая.
Да гэтага часу дэпутаты атрымлівалі блізу 2200 еўра "на рукі", цяпер іх заробкі складуць 3 800 еўра "на рукі".
“Шчыра кажучы, я нават не ведаю, які будзе заробак. Я ішоў у парламент не дзеля заробку. Я магу зарабіць больш, чым у парламенце”, – сказаў наступнай раніцай пасля выбараў адвакат Ігнас Вегеле, які на выбары ішоў са спісам Літоўскага звязу сялян і зялёных.
Ліберал Гентвілас запэўнівае, што важна было мяняць заробкі - дэпутацкія заробкі не мяняліся 15 гадоў, з 2008 года.
"Заробкі дэпутатаў былі самымі нізкімі, у параўнанні з заробкамі іншых палітыкаў і дзяржаўных службоўцаў у Літве", – сказаў ён.
Прадстаўнік дэмакратычнага саюза "У імя Літвы" Савіцкас таксама сказаў, што заробак дэпутата павінен быць канкурэнтаздольны, каб можна было прыцягнуць у парламент прафесіяналаў.
Спікер парламента новага склікання будзе атрымліваць 5 300 еўра "на рукі" (раней 2900 еўра).
“Чалавек, які займае гэтую пасаду, фармальна з'яўляецца другім пасля прэзідэнта ў ступені важнасці і атрымлівае менш за 3000 еўраў “на рукі”. Гэта два сярэднія заробкі чалавека, які ідзе пасля прэзідэнта. Ненармальна”, – сказаў LNK эканаміст Альгірдас Барткус.
Але ёсць і тыя, хто не лічыць, што трэба было так значна падвышаць заробкі дэпутатаў. У Літве заробак дэпутата, у параўнанні з сярэднім заробкам у краіне, будзе практычна самым вялікім ва ўсёй Еўропе.
“У іншых краінах прапорцыі складаюць 2-3 сярэднія заробкі, а ў нас будзе 3–4, амаль 4 сярэднія заробкі. Гэта ўжо шмат. Таму я ўстрымаўся, калі галасавалі за гэтыя папраўкі”, - сказаў кансерватар Юргіс Разма.
Спікер парламента будзе атрымліваць столькі, колькі зарабляе добры праграміст, але менш, чым кіраўнік дзяржаўнай кампаніі.
Напрыклад, заробак гендырэктара "Літоўскіх чыгунак" у першым паўгоддзі 2024 года складаў 7700 еўраў "на рукі".
“Вядома, заробак не будзе канкураваць з заробкамі дзяржаўных кампаній. Ён канкурэнтны ў параўнанні з заробкамі ў прыватным сектары”, – сказаў Гентвілас.
Заробак дэпутата будзе меншай за заробак адваката. Вегеле, займаючыся прыватнай практыкай, зарабляў 170 000 еўраў нагод, гэта значыць па 14 000 еўраў на месяц.
“Розніца ў тым, што дэпутат не можа атрымліваць іншы заробак. Для мяне гэта ў кожным выпадку будзе страта”, – сказаў Вегеле.
Заробак прэм'ер-міністра (на гэтую пасаду прэтэндуе лідарка сацыял дэмакратаў Вілія Блінкявічутэ) будзе атрымліваць больш спікера - 5300 еўра “на рукі”, цяпер заробак складае 3 700 еўраў.
“Гэта непарадак. Калі зірнуць на ўплыў прэм'ера, ён большы, але гэта дэ-факта, дэ-юрэ пазіцыя прэм'ера ніжэйшая”, – сказаў Барткус.