Генпракуратура хоча вярнуць у Беларусь Крыж Ефрасінні Полацкай
13- 15.10.2024, 16:50
- 9,604
І слуцкія паясы.
На ініцыятыву Генпракуратуры быў складзены пералік культурных каштоўнасцей, якія былі вывезеныя з тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэтыя артэфакты падлягаюць вяртанню, адзначылі ў ведамстве.
У спіс уключылі 694 прадметы культуры. Сярод іх - абразы, карціны, кнігі, скульптуры і прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вярнуць хочуць, у тым ліку, і Крыж Ефрасінні Полацкай, зроблены ў 1161 годзе майстрам Лазарам Богшам, і слуцкія паясы. У Беларусі зараз захаваліся толькі адзінкавыя экзэмпляры і фрагменты такіх паясоў. Ёсць у пераліку і такія рэліквіі, як ключы Магілёва і сані Напалеона Банапарта.
«Указаны спіс не канчатковы - праца па ўстанаўленні страчаных культурных каштоўнасцей, вызначэнні іх кошту і рэпатрыяцыі ў Беларусь працягваецца», - дадалі ў Генпракуратуры.
У ведамстве мяркуюць, што страчаныя каштоўнасці знаходзяцца ў такіх краінах, як «Злучаныя Штаты Амерыкі, Дзяржава Ізраіль, Украіна, Рэспубліка Польшча і іншыя». Расеі ў гэтым спісе чамусьці няма, хаця, паводле адной з версій, менавіта ў Маскву быў вывезены Крыж Ефрасінні Полацкай, адзначае «Еврорадио». Дарэчы, пра гэта казаў прафесар Адам Мальдзіс, калі ў Маскве знайшлі Слуцкае евангелле.
«Як да нас дайшло Слуцкае евангелле — гэта вельмі дзіўна і загадкава дагэтуль. Бо яно знаходзілася разам з крыжам святой Ефрасінні Полацкай і тысячамі іншых рэліквій у магілёўскім музеі. У 1941 годзе гэта ўсё было вывезенае ў Маскву. Усе астатнія каштоўнасці не ўсплылі, акрамя Слуцкага евангелля», — расказваў ён у канцы нулявых. На думку Мальдзіса, зніклыя каштоўнасці могуць знаходзіцца ў прыватных руках.