«Дзеці сёння дарагое задавальненне»
5- 3.10.2024, 10:11
- 2,170
Колькі беларусы выдаткоўваюць на дзіцячыя гурткі.
Часам кошты за гурткі для дзяцей здаюцца залімітавымі і перавышаюць мінімальны заробак у Беларусі, роўны 626 рублёў. Tochka.by спытала ў некалькіх сем'яў, колькі яны выдаткоўваюць на месяц на дадатковую адукацыю.
«Дзеці сягоння дарагое задавальненне»
Аксана выхоўвае чацвёртакласніка. Каб заняць дзіця карыснымі справамі, бацькі выкарыстоўваюць як бясплатныя, так і платныя кружкі. У школе сын ходзіць на матэматыку і ангельскую. На гэтыя дадатковыя заняткі штомесяц выдаецца па 27 рублёў з сямейнага бюджэту.
Праграмаванне адымае 130 рублёў на месяц, а плаванне - 80 рублёў. Яшчэ ёсць урокі ігры на гітары, яны каштуюць 130 рублёў штомесяц.
З бясплатных заняткаў - беларуская мова і асновы фінансавай пісьменнасці.
Разам за месяц на развіццё дзіцяці Аксана выдаткоўвае прыкладна 400 рублёў.
«Старэйшы з гэтага года студэнт, таму гурткі адпалі. А летась былі курсы, рэпетытары. Дзеці сягоння дарагое задавальненне. А для чаго яшчэ працаваць і жыць? - задалася рытарычным пытаннем Аксана.
Па кружку на дзіця
Вольга - шматдзетная мама. Усіх траіх дзяцей запісала на адзін кірунак дадатковых заняткаў - ад менскіх прыватных арганізацый.
«З гэтага года першакласнік пайшоў на тэквандо за 90 рублёў на месяц. Іншыя дзеці займаюцца гімнастыкай 130 рублёў і футболам 140 рублёў. Агулам кошты апраўданыя, толькі футбол здаецца задарагі: заняткі ўсяго раз на тыдзень. Прычым кошт павялічваецца кожныя паўгода. Раней розніца складала 10 рублёў, гэтым разам паднялі на 20 рублёў», - распавяла Вольга.
На аплату заняткаў гімнастыкі шматдзетнай сям'і даюць зніжку, таму канчатковы кошт здаецца вельмі прымальным.
Наведваюць дзеці і школьныя факультатывы. Большасць з іх бясплатныя, толькі за заняткі англійскай мовай трэба плаціць. Летась гэтая сума складала 6 рублёў за адзін штотыднёвы ўрок. Актуальных расцэнак Вольга не ведала.
Разам: блізу 380 рублёў за месяц.
У дзявятым не гурткі, а рэпетытары
Траціну даходу аднаго з бацькоў забіраюць гурткі і рэпетытары ў сям'і Святланы (імя зменена). Жанчына выхоўвае дваіх дзяцей. Старэйшая дачка пайшла ў дзявяты клас - і гурткі адпалі. Заняткі сталі падрыхтоўчымі: да здачы экзаменаў і паступлення ў ліцэй БДУ.
Цэны факультатываў рускай і беларускай мовай, а таксама матэматыкай і гісторыяй у школе дзіцяці Святланы пакуль не агучылі, аднак зарыентавалі на 5 рублёў за занятак.
«Яшчэ дачка займаецца фізікай у рэпетытарскім цэнтры - гэта 38 рублёў за занятак. І двойчы на тыдзень ездзіць на курсы падрыхтоўкі да паступлення ў ліцэй БДУ. Кошт за паўгода навучання там - 798 рублёў, палову мы ўжо выплацілі», - падзялілася Святлана.
Занятак у рэпетытара па англійскай мове цягне на 10 адзінак у амерыканскай валюце. А з фізічных нагрузак у дзяўчынкі - басэйн (80 рублёў за месяц).
За ўсё разам даводзіцца выкласці з бацькоўскага партманэта прыкладна 600 рублёў за месяц.
Але ў сям'і ёсць і другое дзіця - сын 12 гадоў. Ён таксама ходзіць у басейн за крыху большую суму — 88 рублёў на месяц. Іграе на гітары — бацькі плацяць 15 рублёў за занятак, ці 150 рублёў на месяц.
«Дадатковыя факультатывы ў школе дзеці не наведваюць: класны кіраўнік сына яшчэ на сходзе адзначыла, што ніякіх дадатковых заняткаў у іх класа не можа быць, бо ў іх больш урокаў англійскай, чым у астатніх (профільны клас). У дачкі, мне здаецца, іх таксама не будзе, бо дзеці ўвесь год будуць занятыя падрыхтоўкай да іспытаў», - адзначыла Святлана.
Разам за дваіх дзяцей атрымліваецца амаль 840 рублёў.
Тэатр, музыка і ЛФК
Старэйшая дачка Ганны (імя зменена) ходзіць у навучальны цэнтр на заняткі матэматыкі. Яны запланаваныя адзін раз на тыдзень і каштуюць 112 рублёў на месяц. Яшчэ два разы на тыдзень дзяўчынка наведвае заняткі ЛФК, якія каштуюць бацькам прыкладна 160 рублёў за месяц.
«Таксама шукаем прыдатную тэатральную студыю. Былі на пробных занятках у трох розных месцах. Пакуль прапануюць два заняткі на тыдзень са штомесячнай аплатай 165 рублёў, 180 рублёў ці 200 рублёў», - пералічыла даступныя варыянты Ганна.
Дзесяцігадовая малодшая дачка актыўна наведвае музычную школу. За месяц набягае сем-восем заняткаў з аплатай 40 рублёў.
Разам: мінімум 380 рублёў на дадатковыя заняткі для дзвюх дачок.
У Ірыны (імя зменена) таксама двое дзяцей. Малодшая займаецца спартыўнай гімнастыкай двойчы на тыдзень па паўтары гадзіны. За такое захапленне бацькі плацяць 145 рублёў за месяц. У планах — яшчэ два платныя гурткі: спевы і танцы на базе дзіцячага садка. Гэтыя заняткі пачнуцца ў кастрычніку, таму коштаў бацькі пакуль не ведаюць.
Старэйшая дачка ходзіць на танцы за 115 рублёў за месяц і ў мастацкую студыю. За апошнюю з улікам расходных матэрыялаў для заняткаў сям'я плаціць 144 рублі.
Такім чынам, у партманэце бацькоў кожны месяц адмерана больш за 400 рублёў на развіццё дачок.