4 снежня 2024, Серада, 8:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Беларусь цягам аднаго пакалення можа дагнаць Польшчу, а цягам двух – Францыю»

7
«Беларусь цягам аднаго пакалення можа дагнаць Польшчу, а цягам двух – Францыю»

Калі пазбегнуць памылак пры рэформах.

Дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах і віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (ABBA) Алесь Аляхновіч у інтэрв'ю «Салідарнасці» распавёў пра тое, як сысці ад залежнасці ад Расіі, і якімі будуць наступствы магчымай інтэграцыі Беларусі з ЕС.

– Калі казаць пра доўгатэрміновую перспектыву, то як магчыма адарваць Беларусь ад Расіі з улікам вялікай залежнасці нашай краіны ад расійскага рынку? Як сысці з усходу і не аказацца жабракамі?

– Амаль усе краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы прайшлі праз гэты шлях. Польшча, Чэхія, Славакія, Вугоршчына, краіны Балтыі – яны былі вельмі залежнымі ад савецкай эканомікі. Тым не менш, яны здолелі паспяхова пераарыетавацца і сёння з’яўляюцца заможнымі дзяржавамі.

Канешне, для нас пажадана, каб пераход адбываўся ў спрыяльны момант. Украіна сёння вырывае права на пераарыентацыю з боем і вялікімі стратамі, а тыя ж краіны Балтыі, якія ўваходзілі ў склад СССР, змаглі скарыстацца спрыляльнымі ўмовамі ў 1989-1991 гадах, калі пры ўладзе яшчэ не было такога дыктатара як Пуцін, гатовага патапіць у крыві геапалітычныя рашэнні суседзяў.

Як можна пераарыентавацца з расійскага рынку? Давайце разгледзім кожную крытычную залежнасць беларускай эканомікі ад РФ.

Энергетычная залежнасць. Нафту не з Расіі можна імпартаваць праз парты Латвіі, Літвы і Польшчы і дастаўляць у Беларусь чыгункай. Або з украінскіх партоў. Гэта даражэй, але магчыма.

Можна пастаўляць нафту рэверсам, як гэта рабіла Польшча: на сёння па трубе нафта з Беларусі ў Еўропу не цячэ. Былі часы, калі Варшава набывала нафту ў Нямеччыне, бо так атрымлівалася танней, чым набываць наўпрост у Расіі.

З газам складаней. Беларусь набывае ў Расіі даволі вялікі аб’ём – 18-20 мільярдаў кубаметраў. Калі РФ яшчэ гандлявала ў Еўропай, наша краіна была адным з найбуйнейшых пакупнікоў газу. Прыкладна столькі ж набывала Польшча, якая большая за Беларусь па эканамічных паказчыках у дзесяць разоў.

Але варта памятаць, што і Расія будзе зацікаўленая ў тым, каб прадаваць камусьці свой газ. Трэба будзе гандлявацца і дамаўляцца.

Не варта таксама забываць, што можна інвеставаць у аднаўляльныя крыніцы энэргіі – сонечныя батарэі, гідраэлектрастанцыі, ветравая энэргія, біямаса і г.д., а таксама ў энергетычную эфектыўнасць прадпрыемстваў, будынкаў і транспартных сродкаў.

Беларускі экспарт у Расію. На сёння у РФ ідзе каля 65% экспарту Беларусі. Некаторыя з гэтых тавараў, як аўтобусы МАЗ, як мяса-малочная прадукцыя, амаль што цалкам заточаны пад расійскі рынак. На іншых рынках гэтыя тавары альбо неканкурэнтназдольныя, альбо не маюць адпаведных сертыфікатаў.

Праблема можа быць вырашана ў пагадненнях з іншымі краінамі аб лібералізацыі гандлю (у тым ліку з Еўразвязам) і ў тым, каб Беларусь уступіла у Сусветную гандлёвую арганізацыю, у якой на сёння 166 краін, але не наша.

Трэба інтэгравацца ў глабальныя ланцугі вытворчасці. Замежныя інвестары, якія прыйдуць у Беларусь пасля дэмакратычных зменаў і адкрыцця эканомікі, прынясуць з сабою сучасныя тэхналогіі і новую вытворчасць, якія забяспечаць экспарт за мяжу.

Лагістычная залежнасць. Дзве траціны беларускага экспарту ідзе на Расію, а амаль траціна – праз РФ (праз яе парты ці чыгунку). Пры палітычных зменах у краіне пытанне будзе вырашана скасаваннем санкцый і адкрыццём партоў і лагістычных вузлоў краін Балтыі, Польшчы і Украіны.

Фінансавая залежнасць. Сёння Расія – фактычна адзіны донар, які гатовы выдаваць Беларусі крэдыты. Калі ў Беларусі адбудуцца палітычныя змены, улады краіны змогуць разлічваць на новы крэдыт даверу: будзе разуменне, што цяпер у Беларусі да законаў, што яна будзе сплочваць свае абавязальніцтвы. Магчыма, размова пачнецца з рэструктырызацыі існуючых пазыкаў, а працягнецца дамовамі на доўгатэрміновыя крэдыты.

Трэба будзе вырашыць, што рабіць з расійскімі пазыкамі: калі нелегітымны Лукашэнка набраў крэдытаў, то гэта крэдыты беларускай дзяржавы ці асабіста яго?

У снежні 2013 года тагачасны прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч атрымаў ад РФ 3 мільярды даляраў за непадпісанне дамовы ад асацыяцыі з ЕС. Украіна на гэты момант не сплаціла ні даляра з гэтай пазыкі, у міжнародных судах Кіеў даказаў, што гэта здзелка была не на карысць Украіны.

Інвестыцыйная залежнасць. Па паказчыку замежных інвестыцый на душу насельніцтва Беларусь знаходзіцца на апошніх месцах сярод былых сацыялістычных краін у Еўропе, нават ніжэй за Албанію. Лукашэнка ніколі не жадаў адкрываць доступ для інвестараў з усіх краін, а не толькі з Расіі. Кожную інвестыцыю большую за мільён еўра трэба было ўзгадняць у Адміністрацыі прэзідэнта.

З іншага боку інвестараў адпужвала тое, што ў Беларусі не раз і не два даходзіла да адбору маёмасці і нацыяналізацыі прадпрыемстваў. У нашай краіне адносна камфортна было толькі расійскаму капіталу.

Да шчасця, існуе літаральна некалькі галін беларускай эканомікі, дзе расійскія інвестыцыі з’яўляюцца істотнымі.

Гэта банкаўскі сектар: пяць расійскіх банкаў займаюць 20 з нечым працэнтаў усяго сектару. Прычым 4 з 5 гэтых расійскіх банкаў – дзяржаўныя.

Таксама расійскія кампаніі валодаюць 42,5% акцыямі Мазырскага НПЗ і 50% мабільнага аператара МТС.

Так што праблемы ў гэтым плане не такія вялікія. Калі беларуская эканоміка адкрыецца для ўсяго свету, то колькасць інвестараў значна вырасце. Бо ў Беларусі ёсць добры чалавечы капітал (высокакваліфікаваныя спецылісты), ёсць свае нішы, ёсць кампаніі-схаваныя чэмпіёны, якія канкурэнтаздольныя ва ўсім свеце.

– Часта ад дыпламатаў заходніх краін, якія працавалі ў Беларусі, можна пачуць, што наша краіна ў складзе Еўрасаюзу выглядала б вельмі арганічна. Але калі зірнуць з практычнага пункту гледжання: чаму ЕС можа жадаць пашырэння на Беларусь?

– Беларусь, безумоўна, важна для ЕС геапалітычна і можна стаць важнай эканамічна. Ёсць разуменне, што каб узмацніць бяспеку (праблемы з ёю добра прадэманстраваў міграцыйны крызіс на межах з Беларуссю), пажадана далучыць да ЕС дзяржавы ўсёй Еўропы, у тым ліку краіны былой Югаславіі і былога СССР.

Варта таксама ўлічваць культуныя і гістарычныя сувязі паміж Беларуссю і, як мінімум, Польшчай, Літвой і Латвіяй. Гэтыя дзяржавы будуць зацікаўленыя ў тым, каб у ЕС з іх рэгіёна было на адну краіну болей.

Тым жа палякам будзе прасцей адстойваць свае інтарэсы, калі ў ЕС будуць не толькі краіны Балтыі, але і Беларусь, і Украіна. Разам яны могуць значыць нашмат больш у гэтай палітычнай структуры.

У любым разе Еўрасаюз зацікаўлены ў падтрымцы суседзяў, бо разумее, што для яго будзе менш праблем, калі яны будуць развіты дэмакратычна і эканамічна. Таму незалежна ад таго, як хутка Беларусь возьме курс на ўваход у ЕС, Брусэль будзе зацікаўлены ў падтрымцы нашай краіны.

– Якія працэсы (пазітыўныя і негатыўныя) могуць чакаюць беларускую эканоміку і яе грамадзян, калі краіна возьме курс на ўваход у склад ЕС?

– У любым разе пасля праяўлення беларусамі палітычнай волі дарога да ўваходу ў склад ЕС зойме гады – трэба будзе падрыхтаваць і эканоміку, і грамадства, і самі краіны ЕС павінны будуць падрыхтавацца.

Сам працэс уступлення ў ЕС будзе з’яўляецца натуральным якарам для краіны, які будзе прыносіць карысць і для дэмакратыі, і для эканомікі.

Я перакананы, што калі б Вугоршычына не была ў Еўрасаюзе, то Орбан праводзіў бы нашмат больш аўтарытарную палітыку, чым цяпер. Сёння ён вымушаны трымацца ў пэўных рамках, каб не згубіць інвестыцыйныя праекты з боку ЕС і не выклікаць тым самым незадаволенасць насельніцтва.

У працэсе ўступлення ў ЕС Брусэль гатовы дапамагаць не толькі рэкамендацыямі (у тым ліку, па рэфармаванні прававой сістэмы), але і фінансава – у выглядзе інфраструктурных і трансгранічных праектаў, адукацыйных праграм (для тых жа суддзяў, пракурораў, чыноўнікаў мясцовага самакіравання – апошнім трэба будзе навучыцца, як прыцягваць інвестыцыі ў рэгіёны, у Стоўпцы, Іўе).

ЕС будзе гатовы заплаціць за мабільнасць у адукацыі: беларускія студэнты змогуць ездзіць на вучобу ў еўрапейскія ўніверсітэты.

Пасля ўступлення ў склад Еўрасаюзу разнастайная падтрымка, натуральна, толькі павялічыцца. Акрамя грошай ад самога ЕС у форме інвестыцый, датацый, дзяржаўных крэдытаў, больш важнымі будуць прыватныя інвестыцыі.

Паводле падлікаў, палова росту эканомікі Польшчы ў 2004-2019 гадах была забяспечана ростам попыту на польскія тавары з боку іншых краін, у першыю чаргу астатніх краін ЕС. Часта гэтая прадукцыя выраблялася на прадпрыемствах, створаных замежнымі інвестарамі. Напрыклад, «Мэрсэдэс» адчыніў у Заходняй Польшчы фабрыку па вытворчасці рухавікоў. Інвестыцыя склала 500 мільёнаў еўра. Адпаведна рухавікі з Польшчы экспартуюцца ў Нямеччыну і іншыя краіны рэгіёну, у якіх збіраюцца нямецкія машыны.

То бок прыватныя інвестыцыі нават важнейшыя, чым дзяржаўная падтрымка на ўзроўні ЕС. Яны гарантуюць доўгатэрміновае і ўстойлівае развіццё эканомікі.

Што можна сказаць пра адмоўныя працэсы, калі Беларусь возьме курс на інтэграцыю з ЕС. Безумоўна, ёсць вялікая рызыка паглыблення дэмаграфічнай праблемы. Адкрыццё еўрапейскага рынку паспрыяла таму, што многія жыхары краін Балтыі, Румыніі, Балгарыі з’ехалі на працу ў больш развітыя краіны.

Пры гэтым, калі з краін Балтыі з’ехала шмат людзей (да прыкладу, Літва за апошнія дзесяцігоддзі згубіла каля мільёна насельніцтва – С.), то з Польшчы – значна менш. Калі параўнаць 2004 год і цяпер, то можна ўбачыць, што ў Польшчы колькасць насельніцтва не змянілася і складае 38 мільёнаў.

– Які варыянт больш верагодны для Беларусі?

– Хутчэй за ўсё, сярэдні паміж Польшчай і краінамі Балтыі. У параўнанні з апошнімі беларуская эканоміка ўсё ж даволі вялікая і мае нішы для развіцця ў розных сферах.

І варта адзначыць, што міграцыя – гэта не выключна адмоўны працэс. Частка беларусаў атрымае вялікія магчымасці для свайго развіцця і будучыні. Што дрэннага ў тым, калі яны змогуць атрымліваць адукацыю ў прэстыжных еўрапейскіх універсітэтах, набірацца досведу ў развітых краінах, а пасля вярнуцца ў Беларусь?

Частка тых жа палякаў, літоўцаў, латышоў і эстонцаў, якія пасля 2004 года з’ехалі за мяжу, ужо вярнуліся. І яны вярнуліся не толькі з досведам і навыкамі, але і з капіталам. Я ведаю людзей, якія вярнуліся з Лондана і Франкфурта пасля 10-15 гадоў працы там, адбудоўвалі дамы сваіх бацькоў ці будавалі сабе новыя.

За два дзесяцігоддзі эканомікі Польшчы і краін Балтыі настолькі выраслі, што розніца ў дабрабыце паміж імі і Нямеччынай складае ўжо не некалькі разоў, а ўсяго дзесяткі працэнтаў.

– З якімі яшчэ адмоўнымі працэсамі можа сутыкнуцца Беларусь пры інтэграцыі з ЕС?

– І беларуская, і расійская прапаганда любяць пужаць: калі прыйдуць замежныя інвестары, то пазачыняюць усе заводы. Так, сапраўды ў краінах былога сацлагеру, якія ўвайшлі ў ЕС, шмат прадпрыемстваў пазачыняліся. Але праўда таксама ў тым, што яны былі нерэнтабельнымі і стратнымі. І замест іх у краінах Балтыі і Польшчы было створана мноства іншых сучасных паспяховых прадпрыемстваў.

Хто будзе ездзіць на польскіх аўтамабілях «Малюх», калі можна перасесці на сабраныя ў той жа Польшчы Toyota? Няўжо, калі б беларусы за аднолькавыя грошы маглі набыць «Ладу» ці «Фальксваген», яны выбралі б «Ладу»? Дарэчы, польскі аўтапрам актыўна развіваецца, у краіне працуюць некалькі заводаў па вытворчасці аўтамабіляў і аўтобусаў.

Так, суседнія краіны мелі досвед страты часткі сваіх брэндаў, але ж яны былі стратнымі і не мелі перспектывы, а замест іх з’явіліся новыя. Таму не думаю, што гэта вялікая праблема.

– Вернемся да сённяшняга дня. Як вы ўжо сказалі, праблемы ў беларускай эканоміцы будуць у наступныя гады толькі паглыбляцца. А раз так, то ці застанецца ў нашай краіны патэнцыял для рыўка наперад, калі палітычныя змены нарэшце адбудуцца?

– Цягам аднаго пакалення альбо максімум двух адна і тая ж краіна можа ператварыцца ў ГУЛАГ ці стаць сучаснай і дынамічнай эканомікай свету. Такіх прыкладаў шмат, параўнайце Беларусь і Польшчу напачатку 1990-х і сёння.

Паглядзіце, што стала з Паўночнай і Паўднёвай Карэямі у другой палове XX стагоддзя. Узгадайце, у якім стане былі Кітай і В’етнам 40 гадоў таму, на пачатку рэформаў. Кітайцы паміралі з голаду, а сёння зарабляюць больш чым беларусы.

Я ўпэўнены, што калі пазбегнуць вялікіх памылак пры палітычных і эканамічных рэформах, то Беларусь цягам аднаго пакалення можа дагнаць Польшчу, а цягам двух – Гішпанію, Італію і Францыю.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках