Беларускіх школьнікаў вучаць на аператараў дронаў
10- 3.10.2024, 11:29
- 3,636
Пад выглядам «моднага спорту».
Аператараў дронаў пачалі навучаць у Беларусі на базе ДТСААФ - гэта пераемнік савецкай абаронна-спартыўнай арганізацыі. У асноўным, таварыства займалася арганізацыяй аўташкол, навучаючы кіроўцаў, у тым ліку, для Узброеных сіл. А цяпер - і аператараў беспілотнікаў. Новы кірунак названы «секцыямі дрон-рэйсінгу», піша «Флагшток».
Як гэта адбываецца ў Мазыры, паказала газета райвыканкаму. Гэты горад стаў першым у Гомельскай вобласці, дзе адкрылі такую секцыю. Набралі туды школьнікаў - паведамляецца, што навучэнцаў старэйшых класаў пазнаёмяць з прыладай дронам і навучаць ім кіраваць, плануецца, што найлепшыя вучні прымуць удзел у спаборніцтвах па дрон-рэйсінгу.
Новы кірунак пададзены як развіццё моднага спорту, але ў публікацыі згадваецца і пра тое, што «акрамя спартыўнага складніка, развіццё дрон-рэйсінгу дазволіць падрыхтаваць будучых аператараў беспілотных лятальных апаратаў як для Узброеных Сіл, так і для іншых сфер жыццядзейнасці».
Пры гэтым непаўналетніх удзельнікаў секцыі ў Мазыры адзелі ў камуфляжную форму. Адзін з выхаванцаў на адным фота прысутнічае з патчам на правай руцэ, на наступным фота школьнік ужо без яго. Верагодна, школьніка папрасілі зняць правакацыйнаю расейскую вайсковую сімволіку.
Мэту такіх секцый агучыў у верасні старшыня цэнтральнай рады ДТСААФ Беларусі генерал-маёр Андрэй Некрашэвіч. Паводле ягоных слоў, «многія задачы ў плане падрыхтоўкі моладзі да службы ў арміі ў ДТСААФ ажыццяўляюць праз дзіцяча-юнацкі спорт«, і ўжо да моманту набору хлопцы маюць практычны досвед.
«З нашых разлікаў, да 2026 года мы зможам поўнасцю забяспечыць сілавыя структуры аператарамі дронаў».
А на пачатку года гэты ж генерал паведамляў аб тым, што ў Беларусі з'явіцца 10 секцый у навучанні дрон-рэйсінгу на базе ДТСААФ, каб падрыхтаваць будучых аператараў БПЛА «для Узброеных Сіл і іншых арганізацый». У наступным годзе ў кожнай вобласці з'явіцца яшчэ па два аддзяленні дрон-рэйсінгу.
«Такім чынам, мы зможам базава рыхтаваць блізу тысячы аператараў штогод. Гэта адказвае нашай галоўнай задачы - спрыянню войску», - заяўляў генерал.
У Мазыры на адкрыццё секцыі прыйшла цэлая дэлегацыя чыноўнікаў разам з праваслаўным святаром.