Украінскі навуковец: Лукашэнку сорамна слухаць
20- 3.10.2024, 15:30
- 22,826
Класічны прыклад каланізаванага, які глядзіць на сябе вачыма свайго гаспадара.
Украінскі даследчык спадчыны каланіялізму Мікола Рабчук расказаў пра галоўныя механізмы каланізатараў і як гэта спрацавала ў выпадку Беларусі.
- Каланіялізм - гэта, перш за ўсё, панаванне адной групы над іншай, гэта пазбаўленне заваяванай, падпарадкаванай групы суб'ектнасці, - патлумачыў Мікола Рабчук на «Белсаце». - Гэта значыць, гэтая група не можа нічога вызначаць самастойна.
Усё вызначаецца е імперскім цэнтры, там значна лепш ведаюць, што добра, што дрэнна і кім гэтая група з’яўляецца. Напрыклад, Масква лепш за нас ведае, што ўкраінцаў не існуе, што мы наогул расейцы, якія проста забыліся, што яны расейцы.
Гэта тыповы каланіялізм, калі імперыя валодае нібыта сапраўднымі ведамі, а мы проста маленькія неразумныя дзеці, якія не разумеюць.
Вядома, усякая імперыя прыносіць пэўныя мадэрнізацыйныя элементы. Усе яны будавалі чыгункі і ў Індыі, у Афрыцы. І за Савецкім Саюзам нешта было пабудаванае і ў краінах Балтыі, і ва Украіне. Гэта не выключэнне.
Але хто пры гэтым панаваў, кіраваў, хто прадстаўляў усе гэтыя краіны на міжнароднай і культурнай арэне - вось гэта важна.
І тое, што ўкраінцы ў СССР займалі высокія пасады, нічога не азначае. Яны і ў цяперашняй Расеі займаюць высокія пасады за пуцінскім рэжымам. Тут іншае пытанне: ці ўкраінцы яны?
Дзяржынскі быў палякам, а Сталін - грузінам, шмат габрэяў было ў ЦК і на высокіх пасадах у савецкай ахове, але гэта не робіць ахову габрэйскай, гэта не робіць Савецкі Саюз грузінскім ці польскім. Усе гэтыя людзі працавалі на імперыю, яны будавалі імперыю — не грузінскую, не габрэйскую, не ўкраінскую, а расейскую.
І яна дагэтуль існуе і працягвае заставацца даволі крыважэрнай.
Таму каланіялізм, найперш, гэта панаванне, дамінаванне адной групы над іншай, ператварэнне гэтай групы ў нябачную і нячутную - яе проста не існуе для астатняга свету.
І, па-другое, што вельмі важна - гэта пэўная ідэалогія перавагі. У адных выпадках яна мае расавыя падставы. У нашым выпадку яна мае больш культурныя, моўныя падставы.
Наша "чорная скура" - гэта мова, з якой можна здзекавацца, высмейваць, яна як бы непаўнавартасная, яна - знак гэтай непаўнавартаснасці, яна стыгматызуецца. І такая ідэалогія ўкараняецца.
Галоўная задача пераканаць першабытнікаў, што яны непаўнавартасныя. Яны павінны прыняць гэтую ідэалогію і навучыцца глядзець на саміх сябе вачыма каланізатара. І тады здаецца, што ніякага гвалту няма: яны самі жадаюць, самі згаджаюцца, самі русіфікуюцца.
Навуковец перакананы, што вызваляючыся ад каланіялізму, не дастаткова пазбавіцца толькі ад вайсковай і палітычнай залежнасці.
— У нашым выпадку трэба вызваліцца ва ўсіх сэнсах — і ў вайсковым, і ў палітычным, а таксама ў разумовым, культурным ці цывілізацыйным, бо сапраўды вельмі шмат людзей засвоілі гэтыя імперскія веды, гэтую ідэю перавагі.
Многія людзі навучыліся глядзець на сябе імперскімі вачыма і бачыць сябе непаўнавартаснымі. Каланізаваныя прымаюць пункт гледжання каланізатара - і ў гэтым самая вялікая трагедыя.
Трэба растлумачыць, дэканструяваць механізмы гэтага панавання, якія вельмі часта прыхаваныя, як бы нябачныя. Здаецца, што ўсё ідзе само сабой, ніхто вас не прымушае гаварыць па-расейску, я з дзяцінства чуў гэтую фразу - "ніхто не прымушае, ніхто не стаіць з пісталетам".
Неяк само сабой адбываецца, так склалася гістарычна, - разважае даследчык.
У якасці аднаго з яскравых прыкладаў падначаленага, які засвоіў заданні каланізатараў, Рабчук падае беларускага правадыра.
- Лукашэнка правёў русіфікацыю Беларусі яшчэ большую, чым яна была за Савецкім Саюзам. Ён шмат разоў казаў, што беларуская мова – бедная мова, што беларусы – гэта расейцы са знакам якасці.
Лукашэнка - класічны прыклад каланізаванага, які глядзіць на сябе вачыма свайго гаспадара. Хоць я да канца не ведаю, колькі ў гэтым сапраўды непаўнавартаснасці, а колькі простай сялянскай хітрасці, якая іграе пэўную ролю.
У кожным выпадку гэта зневажальна, усё, што ён кажа, вядома, проста ганебна, сорамна чуць.
Трэба ўлічваць, што ва ўсіх выпадках за каланіялізмам усё адно хаваецца гвалт. Панаванне адной групы над іншай заснаванае менавіта на ім. У некаторых выпадках гэты гвалт непасрэднае, звязаны з заваёвамі, генацыдам, знішчэннем абарыгенаў, як гэта адбывалася ў Сібіры, на Далёкай Поўначы ці на Каўказе. Расея не проста так далучала гэтыя тэрыторыі, яна знішчала мясцовае насельніцтва.
Але ёсць і больш гібрыдныя метады, калі гвалт выкарыстоўваюць часткова, і пры гэтым выкарыстоўваецца подкуп мясцовых эліт, кааптацыя - свайго роду аўтсорсінг, калі заваяванне робіцца рукамі мясцовай кампрадорскай элітай, - растлумачыў навуковец беларускі варыянт.