Зяленскі пракаментаваў выхад УСУ з Вуглядара
4- 3.10.2024, 15:40
- 8,576
І заклікаў Захад узмацніць падтрымку Украіны.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў правільным выхад украінскіх Узброеных сіл з Вуглядара: гэта, паводле ягоных слоў, дало магчымасць захаваць жыццё байцоў.
Пра гэта кіраўнік украінскай дзяржавы заявіў падчас супольнай прэс-канферэнцыі з генеральным сакратаром NАТО Маркам Рутэ ў Кіеве, паведамляе «Укрінфарм».
«Без адпаведнай зброі мы не можам спыніць Расейскую Федэрацыю. Тады, калі яны разбураюць пазіцыі нашых байцоў, трэба берагчы іх жыццё, таму што яны важнейшыя, чым любыя забудовы. Гэта нашыя людзі, гэта грамадзяне Украіны. Таму вельмі правільна, што яны адыходзяць і могуць захаваць сябе. Дзеля дзяржавы, дзеля сваёй гераічнай службы. Гэта абсалютна правільныя крокі», - сказаў ён.
Прэзідэнт Украіны чарговым разам заклікаў міжнародных партнёраў даць Украіне магчымасць спыняць Расею той ці іншай зброяй, даць дазвол, даць адпаведныя сістэмы.
Ён таксама паведаміў, што зараз назіраецца адставанне ў пастаўках зброі.
«Украіне трэба ўзмацненне пазіцый на фронце, каб мы маглі атрымаць узмацненне ціску на Расею дзеля рэальнай, справядлівай дыпламатыі. Таму мы маем патрэбу ў дастатковай колькасці і якасці зброі, у тым ліку дальнабойнай, з якой, на маю думку, партнёры ўжо зацягваюць», - сказаў Зяленскі.