10 лiстапада 2024, Нядзеля, 7:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Адрозню пяць відаў ілжэбаравіка»

15
«Адрозню пяць відаў ілжэбаравіка»

Беларуска падзялілася сакрэтамі збору грыбоў.

Дзе шукаць грыбы ў лесе і як на месцы адрозніць атрутны грыб ад ядомага? Пра гэта да Сусветнага дня грыбніка 3 кастрычніка BAR24 расказала дасведчаная зборшчыца грыбоў Вікторыя.

33-гадовая Вікторыя Воўк займаецца зборам грыбоў з самага ранняга дзяцінства.

– У грыбы хаджу гадоў з чатырох-пяці. Хадзілі ў лес усёй сям'ёй і з сабакам. Тата працаваў лесніком, ён мяне ўсяму і навучыў. Заўсёды першым знаходзіў грыб і казаў мне: «Глядзі больш уважліва вакол». Вучыў, што грыбы рэдка растуць паасобку. І што трэба заўжды шукаць побач. Вучыў, у якіх лясах грыбы растуць, як правільна іх зразаць, каб не пашкодзіць грыбніцу. Так з часам у мяне на грыбы выпрацавалася чуйка, – расказвае Вікторыя.

«Грыбны сезон бывае не кожны год»

Самастойна хадзіць у лес Вікторыя пачала гадоў у пятнаццаць. Але парадаў, атрыманых ад бацькі-лесніка ў дзяцінстве, яна трымаецца да гэтага часу.

– Тата заўсёды вучыў, што грыбы растуць бліжэй да краю дарогі. Уздоўж абочыны. І гэта, калі шчыра, заўсёды працуе, – дзеліцца сакрэтамі пошуку грыбоў Вікторыя. – Падасінавікі любяць высокую траву і папараць. Баравікі – хвойны лес: часта іх можна знайсці пад высокай лапістай елкай. Ліскі заўсёды растуць сем'ямі.

Грыбны сезон, адзначае Вікторыя, насамрэч бывае далёка не кожны год. І гэта таксама трэба браць да ўвагі.

– Грыбны сезон бывае не кожны год. Як правіла, чаргуецца раз на два-тры гады. Гэта значыць ці вельмі шмат грыбоў і арэхаў, ці іх увогуле няма. Залежыць ад колькасці дажджоў, вільготнасці паветра, – кажа Вікторыя.

Паводле словаў жанчыны, у грыбны сезон яна ходзіць у лес вельмі часта. А вось калі год неўраджайны, адзначае зборшчыца грыбоў, то і цудаў ад лесу чакаць не трэба.

– Бывае, лес як на карцінцы: так і дамаляваў бы грыб пад елкай. Але нічога няма. У такіх выпадках пошук грыбоў я кампенсую зборам траваў ці ягадаў, – адзначае Вікторыя.

«Атрутны будзе гарчыць»

Любімыя грыбы Вікторыі – баравікі. Але збіраць яна больш любіць апенькі. І грузды, якія яе мама «смачна соліць».

– Больш за ўсё люблю збіраць апенькі. Бывае, бачыш: усё дрэва ў апеньках. І ў цябе такое здзіўленне ад іх колькасці, – расказвае Вікторыя.

Жанчына гаворыць, што за гады паходаў у лес яна навучылася ідэальна разбірацца ў грыбах. І ведае, як адрозніць сапраўдны ядомы грыб ад «падробкі».

– Адрозню пяць відаў ілжэбаравіка. Ну, па-першае, на выгляд яны розныя. І я ведаю, як які выглядае. Да прыкладу, у сатанінскага грыба – аранжавая ножка. А ў жоўцевага – сіні капялюшык, – расказвае Вікторыя. – На кончык языка можна грыб пакаштаваць. Атрутны будзе гарчыць, ядомы грыб – салодкі.

Разам з тым, зазначае жанчына, нават дасведчаны грыбнік можа часам засумнявацца. У яе таксама бывае, хоць і вельмі рэдка. У такіх выпадках, кажа Віка, ад памылкі ратуе адно залатое правіла: «не браць грыб, калі не ўпэўнены».

«Да і пасля Узвіжання не хаджу – баюся»

Нейкіх асаблівых грыбных прыкметаў ці рытуалаў у Вікторыі няма. Бо яна ўпэўненая, што для кожнага грыбніка ў лесе прызапашаны свой грыб.

– Бывала, прыходзіш у лес і бачыш, што там шмат людзей. Але ўсё роўна ідзеш за імі і… знаходзіш! Таму што, дакладна, у кожнага свой грыб, – кажа жанчына.

Тым не менш ёсць дні, калі Вікторыя імкнецца ў лес не хадзіць.

– Да і пасля Узвіжання не хаджу – баюся. Ёсць прымета, што змеі ў гэты дзень хаваюцца ў лесе і вельмі агрэсіўныя. Я ў дзяцінстве пад кустом убачыла два клубкі змеяў, проста пад рукой, калі рэзала лісічкі. З тых часоў – фобія, – тлумачыць зборшчыца грыбоў.

Маладым і неспрактыкаваным грыбнікам Віка раіць не спадзявацца на сезоннасць. Таму што «тут як пашанцуе». Лепш больш часу аддаць вывучэнню грыбоў.

– Не браць незнаёмыя грыбы. Часцей чытаць літаратуру пра іх і сачыць за зменамі. Таму што раней, напрыклад, смаржкі і радкі з'яўляліся ядомымі грыбамі. Цяпер жа яны з'яўляюцца ўмоўна-ядомымі. Такія грыбы лепш не браць, – кажа зборшчыца грыбоў. – Сыраежкі лепш браць зялёныя, але не чырвоныя. А свінушкі (кабылкі, капыты) назапашваюць радыяцыю, таму іх я таксама ніколі не бяру.

А яшчэ, зазначае жанчына, важна не толькі сабраць правільныя грыбы. Але і правільна іх прыгатаваць.

– Неяк мы набралі чатыры вядры рыжыкаў. Цешыліся, што так шмат. Але мама павялася на нейкі недарэчны рэцэпт у інтэрнэце, і ў выніку грыбы проста скіслі. Вельмі шкада было, лепш бы замарозілі, – рэзюмуе Вікторыя.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках