Будучых настаўнікаў у Беларусі будуць вучыць «правільнаму» макіяжу
19- 3.10.2024, 19:44
- 15,044
Таксама настаўнікаў прымусяць рабіць «правільныя» прычоскі.
У Беларусі будучых педагогаў будуць вучыць фарбавацца, апранацца і рабіць прычоскі.
Так, паводле слоў намесніцы кіраўніка Мінадукацыі Кацярыны Пятруцкай, у Беларусі ўдзяляецца вялікая ўвага фармаванню іміджу педагогаў яшчэ ў працэсе падрыхтоўкі кадраў. Пры гэтым чыноўніца звярнула ўвагу на тое, што складнікамі іміджу з'яўляюцца не толькі дзелавы строй, але - жыццёвы досвед, маральныя каштоўнасці, камунікабельнасць, эмпатыя, адчувальнасць, рэфлексія, суперажыванне, красамоўства і наяўнасць у педагогаў іншых станоўчых якасцей.
Пры гэтым будучым беларускім педагогам дапамагаюць знайсці свой імідж у вонкавым абліччы. Для гэтага на базе Беларускага дзяржаўнага педуніверсітэта імя Максіма Танка (БДПУ) рэалізуецца праект супольна з Нацыянальнай школай прыгажосці. Рэалізуецца серыя мерапрыемстваў, звязаных з вонкавым і ўнутраным кампанентамі, а таксама працэсуальнай дзейнасцю.
Пры гэтым рэалізацыя праекта пачалася з вонкавага выгляду педагога ў сваёй прафесійнай дзейнасці.
- Гэта вонкавы выгляд настаўніка, макіяж, прычоска, стыль маўлення, манера паводзін, хада, імідж, стыль. І ў гэтым плане мы цесна супрацоўнічаем з Нацыянальнай школай прыгажосці, - пракаментавала начальніца цэнтра студэнцкай творчасці БДПУ Алена Жураўская.
З будучымі настаўнікамі яшчэ ва ўніверсітэце разбіраюць стыль і імідж педагога, базавы гардэроб сучаснага настаўніка, маўленчы імідж і самапрэзентацыю.
Акрамя таго, дырэктарка Нацыянальнай школы прыгажосці Бажэна Ярэміч звярнула ўвагу на тое, што рэалізацыя праекта пачалася яшчэ ў 2023-м. І мерапрыемствы ажыццяўляюцца не толькі ў БДПУ, але ўжо і ў педкаледжах Менскай вобласці.
- Асноўныя дысцыпліны звязаныя з асновамі стылю, макіяжу і цырульніцкага мастацтва, маўленчым іміджам і этыкетам, - растлумачыла Ярэміч.
Праект плануюць распаўсюдзіць і ў каледжах і ўніверсітэтах абласных цэнтраў.