Порт Бярдзянска атакаваны дронамі: з'явіліся першыя кадры
- 31.10.2024, 11:02
- 3,976
Магутны налёт пачаўся а 6 раніцы.
Расейскія войскі ў акупаваным Бярдзянску былі атакаваныя беспілотнікамі УСУ. Пра гэта паведаміў дарадца мэра Марыупаля Пётр Андрушчанка.
Са слоў Андрушчанкі, у Бярдзянску неспакойна з 6:00. Галоўны ўдар беспілотнікаў прыпаў у раён порта. Над портам узнімаецца слуп дыму, а да месца прылётаў з'язджаюцца пажарныя і брыгады хуткай дапамогі.
Акупацыйныя ўлады таксама сцвярджаюць, што прылёт быў па будынку адміністрацыі ў цэнтры Бярдзянска.
Адразу ж пасля нападу дронаў у некаторых раёнах горада знікла электрычнасць.
Мясцовыя паблікі таксама пішуць, што ўдар прыпаў на тэрыторыю порта. Нібыта вядома аб трох пацярпелых.
Акупанты прызналіся, што ўдар быў нанесены не па школах ці садках, а менавіта па партовай інфраструктуры.
Z-паблікі запэўніваюць, што для нападу выкарыстоўваліся робат-дроны-камікадзэ, начыненыя вялікай колькасцю элементаў паразы.
Атака ўсё яшчэ працягваецца, а ў горадзе працуе сістэма СПА. Акупанты заклікаюць аўтамабілістаў пакуль устрымацца ад паездак па горадзе.