На «Лідскае піва» склалі пратакол
- 31.10.2024, 11:18
- 2,506
Судзяць за самавольнае будаўніцтва.
Прадстаўніка ААТ «Лідскае піва» паклікалі ў суд Лідскага раёна. Там 30 кастрычніка разглядаюць справу паводле арт.22.8 КоАП «Самавольнае будаўніцтва», паведамляе hrodna.life.
У канцы мінулага года Міністэрства культуры спагнала з прадпрыемства 7 866 150 рубля і 94 капейкі праз эканамічны суд Гарадзенскай вобласці. Гэта адлічэнні за прадпрымальніцкую дзейнасць, якая нібыта ўплывае на ахоўныя зоны аб'екта гісторыка-культурнай спадчыны. Справа ў тым, што частка завода - помнік прамысловай архітэктуры XIX стагоддзя.
Пры разглядзе той справы гаварылі аб стварэнні дадатковых збудаванняў на тэрыторыі завода, у тым ліку - узвядзенне бакаў, металічных трубаправодаў. Магчыма, яны і сталі прычынай актуальнага разбору.
«Лідскае піва» - піваварная кампанія, якая належыць фінскай кампаніі «Olvi». Выпускае 20 гатункаў піва, у тым ліку крафт, а таксама ліманады, сідр, квас і ваду. У 2022 годзе на тэрыторыі завода - у тым самым гістарычным будынку, пра які клапоціцца Мінкульт - адкрыўся музей піваварства.
Пасля пачатку вайны ва Украіне кампанія Olvi абвясціла аб спыненні экспарту сваіх прадуктаў у Расею і выхадзе з бізнэсу ў Беларусі. Продажу «Лідскага піва» перашкодзіла тое, што прадпрыемства ўнеслі ў спіс актываў, на продаж доляў у якіх замежным уласнікам патрэбны дазвол беларускіх уладаў.