Як змянілася надвор'е ў Беларусі за апошнія 25 гадоў
- 4.10.2024, 14:24
- 4,666
У нашай краіне цяплее хутчэй, чым у свеце агулам
Сярэдняя тэмпература паветра ў Беларусі за верасень склала +17,5°C — гэта на 4,8°C вышэй за кліматычную норму. «Наша Нiва» паглядзела, як мяняецца клімат у свеце і Беларусі.
Верасень 2024 года стаў самым цёплым вераснем за гісторыю метэаназіранняў. Папярэдні рэкорд 16,2°С быў зарэгістраваны летась.
Як мяняецца клімат на планеце?
Глабальная тэмпература за апошнія сто гадоў вырасла прыблізна на 1,3 градуса. Калі браць перыяд з 1970 да 2019 год, то на 0,98 градуса.
Паводле даўніх разлікаў ураджэнца Гомеля навукоўца Міхаіла Будыкі, сярэдняя глабальная тэмпература Зямлі падвысіцца прыкладна на 2,25°C да 2070 года. Такія лічбы ён агучыў у сваім прагнозе на бліжэйшыя 100 гадоў у брашуры "Уплыў чалавека на клімат" (1972).
Хоць Будыка зрабіў свой прагноз больш за 50 гадоў таму, ён усё яшчэ застаецца адным з самых дакладных.
Але сярэдняя тэмпература ў Беларусі расце хутчэй за сусветны ўзровень.
Так, напрыклад, толькі за апошнія 25 гадоў сярэдняя гадавая тэмпература ў Берасці ўзрасла з 8,6 градуса ў 1997—2001 гадах да 10 градусаў у 2018—2023 гадах.
У Віцебску за аналагічны перыяд таксама стала на 1,4 градуса цяплей. Плюс 6,5 было ў 1997-2001 гадах і 7,9 - у 2018-2023.
У Гомелі за гэты ж перыяд сярэдняя тэмпература вырасла на 1,2 градуса - з 8 да 9,2.
На паўтара градуса цяплей у сярэднім стала ў Гародні. Калі ў 1997-2001 гадах сярэднегадавая тэмпература складала 7,5°C, то ў перыяд з 2018 да 2023 - роўна 9.
У Менску за гэты перыяд стала цяплей у сярэднім на 0,9 градуса. Калі ў 1997—2001 гадах у сталіцы ў сярэднім было +7°C, то ў 2018—2023 — 7,9 градуса.
Архіўныя звесткі з Магілёве на сэрвісе Weatheronline, на жаль, адсутнічаюць. На іншых сэрвісах ёсць толькі свежыя звесткі, чым на Weatheronline, што не дазваляе зрабіць аналагічныя падлікі, як у іншых буйных гарадах.
Чаму ў Беларусі цяплее хутчэй, чым у свеце ў цэлым?
Сярэдняя тэмпература на тэрыторыі Беларусі расце ўтрая хутчэй, чым у сярэднім на планеце.
Гэта звязана з нашым фізіка-геаграфічным становішчам.
«Паўночная куля награваецца мацней, як і суша, аддаленая ад акіянаў. Самымі хуткімі тэмпамі сярэдняя тэмпература расце ў халодны перыяд года і крыху павольней - у цёплы перыяд», - так тлумачыў гэтую з'яву вядучы навуковы супрацоўнік НПЦ у біярэсурсах Акадэміі навук Анатоль Кулак.