The Times: КНДР пастаўляе РФ палову снарадаў, якія яна выкарыстоўвае на вайне ва Украіне
6- 5.10.2024, 10:39
- 3,602
Гэта стала ключавым чыннікам у захопе Вуглядара.
Паводле звестак заходняй выведкі, палову снарадаў, якія выкарыстоўвае Расея ў вайне супраць Украіны, – блізу трох мільёнаў за год – пастаўляе Паўночная Карэя. Пра гэта піша выданне The Times са спасылкай на ўласныя крыніцы.
«Прэзідэнт Пуцін наведаў Пхеньян у пачатку гэтага года, каб падпісаць пагадненне пра абарону з Кім Чэн Ынам, і Крэмль стаў залежным ад закрытай аўтарытарнай дзяржавы, каб захаваць свае поспехі на ўсходзе Украіны», – гаворыцца ў матэрыяле.
Журналісты патлумачылі, што, нягледзячы на тое, што многія снарады няспраўныя, менавіта іх колькасць дазволіла Расеі дасягаць стабільных поспехаў, нядаўна захапіўшы ўсходні ўкраінскі горад Вуглядар.
Суразмоўца выдання таксама адзначыў, што Расея нясе вялікія страты ва Украіне – 1200 вайскоўцаў за дзень, з іх 480 – толькі ў баях за горад Пакроўск Данецкай вобласці.
Паводле звестак заходняй выведкі, РФ пакуль не ў стане адначасова захапіць Пакроўск і адціснуць украінскія сілы з Курскай вобласці без масавай мабілізацыі, але расейскія ўлады пакуль на гэты крок не ідуць.