На поўдні УСУ знішчылі дарагі зенітна-ракетны комплекс расейцаў
- 5.10.2024, 18:50
- 3,808
Расейскія акупанты за дзень страцілі на поўдні больш за сотню жаўнераў.
На поўдні падраздзяленні Узброеных сіл Украіны знішчылі дзясяткі адзінак узбраення і тэхнікі акупантаў, сярод іх - магутны зенітна-ракетны комплекс (ЗРК) «Тор».
Як паведамілі ў Сілах абароны поўдня Украіны, за дзень вораг страціў 28 адзінак узбраення і вайсковай тэхнікі. Сярод іх - 18 адзінак аўтамабільнай і браніраванай тэхнікі, тры БПЛА, чатыры гарматы, дзве станцыі РЭБ. Таксама знішчана 16 БПЛА тыпу Shahed 136/137, пашкоджаныя два бліндажы, чатыры наглядальныя пункты і месца захоўвання боепрыпасаў.
Адзначаецца, што сярод страт ворага - магутны зенітна-ракетны комплекс «Тор», які з'яўляецца аўтаномным мабільным сродкам, мае высокую праходнасць і падвышаную агнявую моц. Згодна з адкрытымі крыніцамі, кошт такой устаноўкі складае больш як $20 млн.
Акрамя таго, на працягу дня страты асабовага складу ворага склалі 107 чалавек (забітыя і параненыя).
У паведамленні таксама гаворыцца, што за гэты час зафіксаваны чатыры спробы штурму ворага на Арэхаўскім кірунку (Запарожжа).
Гаворыцца, што на поўдні акупанты ціснуць артылерыйскімі абстрэламі, наносяць авіяцыйныя ўдары, ужываюць ударныя БПЛА розных тыпаў, вядуць аэраразведку. Між іншым, за ўчора вораг ужыў 301 FPV-дрон, 8 ударных БПЛА тыпу «Ланцэт», скінуў з БПЛА розных мадыфікацый 429 аскепкавых боепрыпасаў.