У Вугоршчыне тысячы людзей пратэстуюць супраць дзяржаўнай прапаганды
8- 6.10.2024, 20:38
- 7,498
Блізу 80% СМІ ў краіне падкантрольныя кіроўнай партыі.
Некалькі тысяч чалавек у суботу ўзялі ўдзел у масавых выступах у Вугоршчыне. Дэманстранты ў Будапешце выйшлі да будынка кампаніі MTVA, якой належаць дзяржаўныя тэлевізія і радыё. Яны называлі MTVA "фабрыкай прапаганды" і патрабавалі свабоды слова і інфармацыі для вугорскіх СМІ.
Арганізатарам пратэстаў выступіла апазіцыйная партыя TISZA. Яе ўзначальвае Петэр Мадзьяр, якога палітолагі называюць найбольш сур'ёзным канкурэнтам вугорскага прэм'ер-міністра Віктара Орбана за ўсе 15 гадоў, што той знаходзіцца ва ўладзе. На выбарах у Еўрапарламент мінулым летам партыя Мадзьяра набрала блізу 30% галасоў, ушчыльную наблізіўшыся да кіроўнай партыі Fidesz Орбана.
Выступаючы перад дэманстрантамі ў суботу, Мадзьяр назваў «глабальным скандалам» становішча дзяржаўных СМІ ў Вугоршчыне. «Даволі хамства, даволі хлусні, даволі прапаганды. У нас скончылася цярпенне. Прыйшоў час канфрантацыі», - сказаў ён.
Як мясцовыя, так і замежныя назіральнікі ўжо не першы год адзначаюць, што свабода слова ў Вугоршчыне значна абмежаваная. Яны паказваюць, што кіроўная партыя Орбана пры дапамозе звязаных з урадам алігархаў пабудавала медыяімперыю, у якой СМІ падкантрольныя дзяржаве. Міжнародная няўрадавая арганізацыя "Рэпарцёры без межаў" падлічыла, што блізу 80% медыярынку ў Вугоршчыне кантралюецца партыяй Орбана.