Стала вядома, колькі грамадзян Беларусі рэпатрыявалася ў Ізраіль
- 7.10.2024, 9:43
- 8,138
Лічба за год.
Беларусь стала шостай краінай паводле колькасці грамадзян, якія пераехалі ў Ізраіль з 16 верасня 2023 года да 19 верасня 2024 года паводле праграмы рэпатрыяцыі. Такія звесткі змяшчаюцца ў супольнай справаздачы Міністэрства рэпатрыяцыі і інтэграцыі Ізраіля і Яўрэйскага агенцтва (Сохнут), паведамляе ізраільскае выданне «Вести».
Усяго ў Ізраіль за гэты перыяд пераехала 31 тысяча чалавек амаль са 100 краін свету, гаворыцца ў дакуменце.
Больш за ўсё рэпатрыянтаў прыбыло з Расеі - 19850, далей ідуць ЗША і Канада – 3 340 агулам, Францыя - 1820, Украіна - 980, Беларусь - 795, Вялікабрытанія - 560, Аргентына - 450, Грузія - 320, ПАР - 250.
31% рэпатрыянтаў складаюць людзі ва ўзросце 18-35 гадоў, 21% - 36-50, 20% - 0-17, 13% - 51-60, 5% - 61-65, астатнія - старэйшыя за 65 гадоў. 52% рэпатрыянтаў - жаночага полу, 48% - мужчынскага.
У справаздачы зазначаецца, што гэтая хваля рэпатрыяцыі прайшла на фоне абвастрэння сітуацыі ў рэгіёне, выкліканага атакай групоўкі ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года.