NYT: Трамп гаворыць на ўзроўні школьніка чацвёртага класа
27- 7.10.2024, 12:12
- 10,666
Праз узроставыя "кагнітыўныя змены".
Прамовы кандыдата ў прэзідэнты ЗША Дональда Трампа з часам становяцца ўсё больш непаслядоўнымі і неканкрэтнымі. Гэта можа быць звязана з кагнітыўнымі зменамі праз ягоны ўзрост, піша выданне New York Times, якое правяло аналіз апошніх прамоў лідара рэспубліканцаў.
Так, выданне даследавала, што прамовы Трампа сталі "цвярдзейшыя, даўжэйшыя, злейшыя, менш мэтанакіраваныя, больш нецэнзурныяі ўсё больш зацыкленыя на мінулым".
Са звестак NYT, сярэдняя працягласць выступаў лідара рэспубліканцаў складае 82 хвіліны, хаця ў 2016 годзе гэты паказчык трымаўся на ўзроўні 45 хвілін. Таксама ў параўнанні з 2016 годам Трамп пачаў на 32% больш выкарыстоўваць негатыўных слоў, а лаянкі ён пачаў ужываць на 69% часцей.
«Ён здаецца разгубленым наконт сучасных тэхналогій, мяркуючы, што «большасць людзей не маюць ніякага ўяўлення аб тым, што такое дадатак для тэлефона», у краіне, дзе 96% людзей маюць смартфоны. Часам здаецца, што ён затрымаўся ў 1990-х гадах, але бываюць моманты, калі ён сумуе па 1890-м, лічачы гэтае дзесяцігоддзе найлепшым перыядам амерыканскай гісторыі, а Уільяма Мак-Кінлі - сваім узорным прэзідэнтам з-за яго падтрымкі тарыфаў», - гаворыцца ў матэрыяле.
Як піша New York Times, даследаванне 2022 года паказала, што складанасць прамовы Дональда Трампа была значна ніжэйшай, чым у сярэднестатыстычнага прэзідэнта за ўсю амерыканскую гісторыю, як і ў дзейнага лідара краіны Джо Байдэна.
У той жа час аналіз выдання Times паказаў, што Трамп гаворыць на ўзроўні школьніка чацвёртага класа, што ніжэй, чым у яго апанентаў, такіх, як губернатар Фларыды Рон ДэСантыс, які гаворыць на ўзроўні восьмага класа, што з'яўляецца прыкладна сярэднім паказчыкам для сучасных прэзідэнтаў.
Цяпер Дональду Трампу 78 гадоў. Калі ён пераможа на лістападаўскіх выбарах, то на момант заканчэння ягонага прэзідэнцкага тэрміна рэспубліканцу споўніцца 82 гады.