У Беларусі забаранілі адзенне Reserved, Sinsay і House
8- 8.10.2024, 15:18
- 12,634
Усе гэтыя вырабы выключаць з абарачэння.
У рэестр небяспечнай прадукцыі Дзяржстандарта патрапіла адзенне вядомых польскіх марак масмаркета: Reserved, Sinsay і House, якія вырабляе кампанія LPP. Але пад забаронай не ўся прадукцыя гэтых брэндаў, а некалькі асобных вырабаў, піша "Онлайнер".
Дзіцячую куртку і камізэльку брэнда Reserved забаранілі з-за неадпаведнасці патрабаванням гіграскапічнасці. Гэта верхняе адзенне горш убірае і аддае вільгаць, чым патрабуецца. Стандарты дапускаюць паказчык не меншы за 6%, а ў гэтых рэчаў - 2,6 і 1,5% адпаведна.
Жаночыя піжамы Sinsay таксама не прайшлі праверку з-за гіграскапічнасці: пры стандарце не менш за 6% у іх было 1,1 і 1,6%.
Тая ж прычына забароны і ў жаночых піжам House. У іх гіграскапічнасць на ўзроўні 3,3 і 3,5% пры нормах не менш за 6%.
Усе гэтыя вырабы забаронена ўвозіць і прадаваць, а ўжо ўвезеныя вымуць з абарачэння. Забарона набудзе моц з 14 кастрычніка.