9 снежня 2024, панядзелак, 7:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску затрыманыя партнёры расейскага алігарха Мазепіна

14
У Менску затрыманыя партнёры расейскага алігарха Мазепіна

Нібыта праз падаткі.

Як стала вядома «Нашай Ніве», на гэтых выходных у Беларусі затрымалі былых партнёраў расейскага алігарха Дзмітрыя Мазепіна з “Уралкалію” Яўгена Шавеля і Дзмітрыя Лабяка. А разам з імі, напярэдадні, топ-мэнэджараў ААТ "Юрас-Ойл".

"Юрас-Ойл" - гэта беларуская кампанія, дылер прамысловай хіміі і угнаенняў, у якой Лабяк і Шавель - суакцыянеры.

Паводле папярэдняй інфармацыі, усе прэтэнзіі тычацца менавіта гэтай фірмы і маюць падатковую прыроду.

Ніякай афіцыйнай інфармацыі не публікавалася.

Шавель і Лабяк – беларусы, якія зарабілі свае асноўныя грошы ў Расеі. Як можна выказаць здагадку, і жылі яны збольшага тамака жа.

Яны былі бліжэйшымі бізнэс-партнёрамі былога ўладальніка “Уралкалію” Дзмітрыя Мазепіна. Усе трое разам вучыліся ў 5-й роце Менскай сувораўскай вучэльні 29-га выпуску.

Чым зараз валодаюць гэтыя бізнэсоўцы, мы не ведаем з-за агульнага трэнду на зашыфроўванне актываў у Расеі.

На сёння “Уралкаліем” на 100% валодае кампанія “Уралхім”. Да сакавіка 2022 года "Уралхімам" на 100% валодаў Дзмітрый Мазепін. Цяпер структура ўласнасці кампаніі не раскрываецца.

Раней Дзмітрый Лабяк валодаў 20% “Уралкалію” і быў дарадцам генеральнага дырэктара. Пасля гэтая дзель перайшла Мазепіну. Шавель быў топ-мэнэджэрам у той жа кампаніі, магчыма, і з дзеллю ў бізнэсе.

Акрамя таго, Шавель і Лабяк валодалі па 17% акцый Верхнякамскага электрамеханічнага завода. Шавель і на сёння саўладальнік "Казфасфату" - аднаго з найбуйнейшых вытворцаў фосфарных угнаенняў у свеце.

Беларуская кампанія партнёраў займалася дылерствам хімічных прадуктаў, і гэта, як можна меркаваць, далёка не асноўны і не галоўны для іх бізнэс.

Затрыманні паводле падатковага артыкула ў Беларусі нярэдка выкарыстоўваюцца, каб "падстрыгчы" паспяховых бізнэсоўцаў. Звычайна людзі такога калібру выплачваюць запатрабаваны выкуп за сваю свабоду, а справы часцей за ўсё не даходзяць да суда.

Падатковае заканадаўства часта двухсэнсоўнае, і таму лёгка выкарыстоўваецца для выстаўлення прэтэнзій.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках