Удар «Тамагаўкам»: амерыканская субмарына Georgia атакавала вайсковыя аб'екты хусітаў
3- 9.10.2024, 15:28
- 11,472
На відэа паказалі набліжэнне ракеты і моцны выбух.
Падводная лодка ВМС ЗША з кіраванымі ракетамі USS Georgia нанесла ўдары па аб'ектах групоўкі хусітаў у Емене. Са звестак амерыканскіх афіцыйных асоб, удары былі накіраваныя на знішчэнне вайсковай інфраструктуры, уключаючы базы і зброю, якія выкарыстоўваюцца групоўкай, якую падтрымлівае Іран. Пра гэта паведамляе «Голас Амерыкі».
У інтэрнэце з'явілася відэа, на якім крылатая ракета BGM-109 Tomahawk наносіць удар па аб'ектах інфраструктуры ў раёне Хадэйды, якая з'яўляецца апорай хуцістаў з групоўкі «Ансар Алах». Трохсекундны ролік дэманструе набліжэнне ракеты і магутны выбух, выкліканы яе трапляннем.
Каментары Пентагона
Афіцыйныя прадстаўнікі Пентагона адзначылі, што ўдары накіраваныя на «абарону свабоды суднаходства» ў Чырвоным моры і Адэнскім заліве, дзе напады хусітаў ствараюць сур'ёзныя пагрозы для міжнароднага камерцыйнага суднаходства.
Падводная лодка USS Georgia, здольная несці да 150 крылатых «Тамагаўкаў», была накіраваная ў рэгіён у верасні 2024 года. Са слоў міністра абароны ЗША Лойда Осціна, які ў жніўні абвясціў аб разгортванні падводнай лодкі USS Georgia на Блізкім Усходзе, гэты крок накіраваны на дэманстрацыю вайсковай падтрымкі рэгіянальным саюзнікам ЗША і стрымліванне магчымых пагроз ва ўмовах росту напружанасці. Пры гэтым пастанова была прынятая на фоне ўзмацнення напружанасці паміж Ізраілем і групоўкамі, якія падтрымліваюцца Іранам.
Рэакцыя Емена
Прадстаўнікі хусітаў выказалі асуджэнне наконт разгортвання USS Georgia і заявілі, што ўсе далейшыя вайсковыя дзеянні з боку ЗША будуць разглядацца як агрэсія.
Прэс-сакратар хусітаў Махамед Абдусалам заявіў, што прысутнасць амерыканскіх сіл садзейнічае дэстабілізацыі рэгіёну, і заклікаў да міжнароднага дыялогу для прадухілення эскалацыі канфлікту.
«Гэта чарговая спроба ЗША мець свой уплыў у рэгіёне праз пагрозы і вайсковую прысутнасць, што толькі ўзмоцніць нестабільнасць. Калі сілы ЗША прадоўжаць парушаць нашу паветраную і марскую прастору, мы адкажам», — сказаў Абдусалам.