Суд у Гаазе можа ўзяцца за справы аб пакараннях смерцю расейцамі ўкраінскіх воінаў
1- 9.10.2024, 16:06
- 2,108
У МКС ёсць адпаведны мандат.
Міжнародны крымінальны суд можа расследаваць выпадкі пакаранняў смерцю ўкраінскіх ваеннапалонных. Суд у Гаазе мае адпаведны мандат.
Аб гэтым заявіў галоўны пракурор МКС Карым Хан. Яго цытуе Радыё Свабода.
«Кожны раздзел Рымскага статута…можна ўжыць, яны ўсе маюць значэнне. Наша праца палягае ў тым, каб выкарыстоўваць метадалагічны падыход, арганізоўваць стратэгію расследавання», - адзначыў ён на сустрэчы з украінскімі журналістамі.
Хан падкрэсліў, што нават войны маюць правілы, і ніхто не мае права караць смерцю цывільнага чалавека або ваеннапалоннага, які здаў зброю. Гэта не залежыць ад таго, хто з'яўляецца кіраўніком дзяржавы, урада, камандзірам або пяхотнікам.
«Калі такі чалавек дзейнічае бяскарна, то гэта можа быць у юрысдыкцыі МКС, бо ў нас ёсць юрысдыкцыя што да падзей ва Украіне», - дадаў галоўны пракурор МКС.